193

Бабруйскіх падлеткаў навучаць медыяпісьменнасці

20.01.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гэта ўжо другі набор у Школе Media IQ . Папярэдні паспяхова прайшоў у 2019 годзе. Акрамя Бабруйска, як і летась, аналагічныя праекты будуць працаваць у Мінску і Гродне.​

 

Школа MediaIQ — гэта навучальны курс для вучняў старэйшых класаў і каледжаў. Мэта Школы — навучыць падлеткаў арыентавацца ў сучасным свеце інфармацыі. Падчас заняткаў слухачы даведаюцца, як адрозніваць варты даверу кантэнт ад фэйкаў, рабіць фактчэкінг, што такое кібербулінг, як яму супрацьстаяць, як бяспечана паводзіць сябе ў інтэрнэце. У праграму ўключаныя сустрэчы, прысвечаныя этычным стандартам журналістаў і ўсіх, хто стварае кантэнт, аўтарскаму праву, прапагандзе і маніпуляцыям у СМІ.

Напрыканцы Школы вучні створаць уласны медыяпрадукт, які будзе заснаваны на ведах, атрыманых падчас навучання. Навучальная праграма заснаваная на ўкраінскім падручніку “Медыядрайвер”, які быў перакладзены і адаптаваны адмыслова для Школы.

У мінулым годзе кіраўніцай Школы ў Бабруйску была ўласніца тайм-клуба “1387” і сябра мясцовай суполкі ГА “БАЖ” Наталля Халанская. Сёлета яна каардынуе працу праекта, але кіруе Школай супрацоўніца тайм-клуба Сэм.

“Мы робім гэты праект дзеля таго, каб навучыць падлеткаў больш свабодна арыентавацца ў тым інфармацыйным шуме, які нас цяпер атачае, разумець, дзе іх месца ў гэтай плыні інфармацыі, а таксама самастойна ствараць нейкі кантэнт, і пры гэтым рабіць гэта пісьменна, — распавяла Сэм пра мэты Школы. — Мы жывем у часы, калі інтэрнэт, сацсеткі, медыі займаюць вельмі значнае месца ў нашым жыцці, і сучасны чалавек павінен ва ўсім гэтым разбірацца, каб не заблытацца і не згубіцца ў інфармацыі. Бо вельмі лёгка сёння паверыць фэйкам, паддацца на правакацыі і маніпуляцыі. Таму ўжо са школы важна ўмець карыстацца неад’емным інструментам сучаснасці — інфармацыяй”.

На заняткі ў Школу MediaIQ запісаліся падлеткі, зацікаўленыя журналістыкай, блогерствам, а таксама тыя, хто хоча пашырыць уласны кругагляд.

“Для мяне гэтая Школа — крыніца натхнення, новых знаёмстваў, гэта стымул ствараць. Я яшчэ летась удзельнічала ў занятках, наведала амаль усе. Сёлета ў мяне атрымалася прыйсці на першы занятак новага набору, і я не магла не прыйсці, каб пазнаёміцца з новымі ўдзельнікамі і атрымаць натхненне працягнуць свой уласны праект”, — распавяла Наста, студэнтка каледжа.

Таня, вучаніца 8-га класа, распавяла, што прыйшла на заняткі, каб навучыцца адрозніваць фэйкі ад сапраўдных навін.

“З маім любімым ютуберам адбылася гісторыя, яго ўцягнулі ў канфлікт, да якога ён не меў ніякага дачынення, і я пабачыла, як важна ўмець адрозніваць праўдзівую інфармацыю ад фэйкаў”, — патлумачыла дзяўчына.

Першы занятак у бабруйскай школе прайшоў 15 студзеня. Агулам вучняў чакаюць 21 сустрэча, візіты ў мясцовыя рэдакцыі і індывідуальная праца з ментарамі. Заняткі будуць весці мясцовыя журналісты, медыяэксперты, фатографы і відэаператары.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!