426

Бабруйчане распачалі конкурс буктрэйлераў “Глядзі і чытай” па творах Алеся Адамовіча

21.03.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Прыём заявак ужо ідзе. Арганізатары — ініцыятыва “Прыпынак Адамовіча” сумесна з бабруйскай суполкай ГА “БАЖ”.

Што такое буктрэйлер і чаму Адамовіч?

Буктрэйлер — гэта не проста анонс да кнігі, гэта кароткае аўтарскае відэа, якое інтрыгуе, чапляе, заахвочвае гледача прачытаць кнігу.

“Свет змяняецца вельмі хутка, але, нягледзячы на гэта, у творах Алеся Адамовіча падымаецца шмат тэм і праблем, актуальных дагэтуль, — кажуць арганізатары конкурсу. — Каб прыцягнуць яшчэ больш увагі да тэкстаў нашага земляка, каб на працы гэтага аўтара звярнула сваю ўвагу моладзь, мы прапануем аб’яднаць літаратуру і тэхналогіі”.

Як прыняць удзел у конкурсе?

Падаць заяўку могуць усе жадаючыя. Узрост і ўзровень валодання камерай, мантажом не маюць значэння. Але найперш цікава і карысна паўдзельнічаць будзе:

  • аматарам творчасці Алеся Адамовіча — падзяліцеся сваімі ўлюбёнымі кнігамі з іншымі праз відэавобразы;
  • пачынаючым рэжысёрам, сцэнарыстам, аператарам — заявіце пра сябе ў творчай супольнасці Беларусі;
  • школьнікам і студэнтам — перадайце свае эмоцыі ад твораў Алеся Адамовіча праз мабільнае кіно;
  • блогерам — прасоўвайце сябе і свой блог праз кантэнт новага фармату.

Як стварыць буктрэйлер і прыняць удзел у конкурсе?

  • Выбраць твор Алеся Адамовіча.
  • Вызначыцца з фарматам і тэматыкай (гульнявы, анімацыйны, канцэптуальны і г. д.).
  • Напісаць сцэнар і раскадроўку.
  • Зняць відэа, запісаць аўдыё, падабраць ілюстрацыі і зрабіць подпісы (пры неабходнасці).
  • Змантаваць канчатковы варыянт буктрэйлера.
  • Азнаёміцца з правіламі правядзення Конкурсу і запоўніць анкету ўдзельніка да 15 ліпеня 2019 года ўключна.
  • Верыць у перамогу і чакаць вынікаў конкурсу.
  • Увосень 2019 года прыехаць на ўрачыстую прэзентацыю на малой радзіме Алеся Адамовіча ў Глушы, пазнаёміцца з аднадумцамі, атрымаць узнагароду і / ці парадаваццца за калег.

Прызы і бонусы для пераможцаў і ўдзельнікаў

Прыём заявак на конкурс працягнецца да 15 ліпеня 2019 года. Пераможцы будуць вызначаныя ў трох намінацыях:

  • Лепшая ідэя / сцэнар для буктрэйлера
  • Лепшая аператарская праца і мантаж
  • Гран-пры за лепшы сцэнар і тэхнічнае выкананнне

Сярод журы — прадстаўнікі як літаратурнай супольнасць Беларусі, так і кінаіндустрыі.

Пакуль жа, да сканчэння конкурсу і вызначэння пераможцы, запланаваныя майстар-класы і сустрэчы з рэжысёрамі і літаратарамі, а таксама экскурсіі на малую радзіму Алеся Адамовіча ў  вёску Глуша.

Там жа на этнаграфічным фестывалі “Глушанскі хутарок” на пачатку восені 2019 года будуць прэзентаваныя і ўзнагароджаныя найлепшыя працы канкурсантаў.

Пераможцы атрымаюць каштоўныя прызы, а таксама вядомасць, бо конкурс будзе шырока асвятляцца ў медыях. Акрамя таго, удзел у конкурсе і запланаваных у межах яго сустрэчах і майстар-класах дапамогуць атрымаць новыя веды, падвысіць майстэрства.  

Вярнуць імя Алеся Адамовіча з забыцця

Конкурс буктрэйлераў — гэта ўжо не першая актыўнасць, звязаная з імем пісьменніка, якую ладзяць актывісты ініцыятывы “Прыпынак Адамовіча” і бабруйскія “бажаўцы”. Летась яны дамагліся ператварэння звычайнага аўтобуснага прыпынка ў вёсцы Глуша пад Бабруйскам у арт-аб’ект, прысвечаны Адамовічу, сабралі сродкі на помнік пісьменніку. Сёлета ў студзені, да 25-годдзя са дня смерці літаратара, бабруйская суполка ГА “БАЖ” правяла вечарыну памяці. Журналісты прэзентавалі адмыслова створаны мультымедыйны праект і фільм пра тое, як неабыякавыя бабруйчане імкнуцца вярнуць імя Алеся Адамовіча з забыцця. У вечарыне прыняла ўдзел дачка пісьменніка Наталля Адамовіч.

У далейшых планах каманды — стварэнне музея ў будынку былой аптэкі, дзе працавала маці пісьменніка, турыстычнай інфраструктуры, брэнда для вёскі Глуша і Бабруйшчыны, звязанага з імем і творчасцю Алеся Адамовіча. З ідэяй інтэрактыўнай экскурсіі па творах Адамовіча каманда цяпер удзельнічае ў конкурсе “Social weekend”.  

Сачыце за навінамі пра конкурс у сацсетках:

Facebook і ВКонтакте