282

Айчынныя творцы ствараюць Беларускую незалежную фатаграфічную асацыяцыю

15.09.2023 Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

У ініцыятыўную групу ўвайшлі вядомыя беларускія дзеячы Зміцер Вайноўскі, Сяргей Гудзілін, Сяргей Міхаленка, Яўген Атцецкі, Леся Пчолка, Ірына Сухій і іншыя знаўцы ў сферы фатаграфіі.

 

Мэта BIPA — аб'яднанне беларускіх фатографаў у партнёрскую супольнасць, якая будзе мець важкі голас для лабіравання інтарэсаў на рэгіянальным і міжнародным узроўні.

Удзельнікі Асацыяцыі імкнуцца распаўсюджваць інфармацыю аб праектах беларускіх фатографаў і беларускай фатаграфіі ў цэлым, ствараць умовы для дыскусій, пашырэння сувязяў і пошуку новых магчымасцяў. А таксама імкнуцца праводзіць мерапрыемствы па захаванні беларускай гісторыка-культурнай спадчыны ў галіне фатаграфіі.

— На працягу апошніх трох гадоў фатографы падвяргаюцца рэпрэсіям за сваю прафесійную дзейнасць. Многія былі вымушаныя эміграваць, што часта прыводзіць да сыходу з прафесіі і творчасці. Застаючыся ж у Беларусі, людзі сутыкаюцца з усё большымі абмежаваннямі, прэсінгам або пераследам. Відавочна, што нам патрэбная арганізацыя, якая зможа стаць платформай для аб'яднання беларускіх фатографаў і пачаць аказваць маральную, інфармацыйную, а часам і матэрыяльную падтрымку, — тлумачаць арганізатары.

Сяброўства ў асацыяцыі будзе адкрытае для ўсіх беларускіх фатографаў, куратараў, крытыкаў, дзеячаў у галіне беларускай фатаграфіі, калекцыянераў і проста знаўцаў фатаграфіі, хто нейкім чынам асацыюе сябе з беларускай фатаграфіяй незалежна ад месца пражывання. Важнай умовай для ўступлення з'яўляецца згода з агульначалавечымі каштоўнасцямі:

• свабода і незалежнасць,

• сумленнасць і справядлівасць,

• адказнасць і павага да іншых.

Для таго, каб зразумець настроі сярод фатографаў і цяперашняю сітуацыю, а таксама для вызначэння, якія менавіта крокі неабходна зрабіць у першую чаргу, Беларуская незалежная фатаграфічная асацыяцыя прапануе ўсім зацікаўленым прайсці апытанку.

Чытайце яшчэ:

Кінапрэмія «Чырвоны верас» абвяшчае пачатак другой эдыцыі і прымае заяўкі

Суд над галоўным рэдактарам «Рэгіянальнай газеты» пачнецца 27 верасня

Асцярожна: прапаганда! Ці трэба і як асвятляць прадзяржаўны кантэнт

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!