НЕ - ВАЙНЕ!
456

Аўтарку крытычнай публікацыі на сайце “Ганцавіцкі час” выклікалі ў міліцыю

25.11.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

Журналістка незалежнага рэгіянальнага выдання “Ганцавіцкі час” Ірына Дамарацкая днямі атрымала позву з мясцовага раённага аддзела ўнутраных спраў.

У позве было пазначана, што яе выклікаюць “для правядзення апытання па матэрыяле праверкі, зарэгістраваным у Адзінай кнізе рэгістрацыі заяў і паведамленняў аб злачынствах, адміністрацыйных правапарушэннях і інфармацыі аб здарэннях Ганцавіцкага РАУС за №3097”. Ірына Дамарацкая паспрабавала па тэлефоне высветліць акалічнасці выкліку ў інспектара РАУС Ігара Казака — яго прозвішча было пазначана ў позве — але той адмовіўся ад гутаркі, спасылаючыся на занятасць.

Калі 18 лістапада ў прызначаны час журналістка прыйшла ў пастарунак, адразу папрасіла інспектара паведаміць пра яе статус: сведка, парушальнік ці саўдзельнік чагосьці. І атрымала адказ, што яна “асоба, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс”.

Далей высветлілася, што ў Ганцавіцкім РАУС распачалі праверку ў звязку з публікацыямі на сайце “Ганцавіцкі час” пра прыватнае прадпрыемства, дзе супрацоўнікам затрымлівалі заробак.

Дарэчы, кіраўніцтва прадпрыемства тэлефанавала аўтару матэрыяла Ірыне Дамарацкай з настойлівай просьбай выдаліць публікацыю з сайта. 

У міліцыі журналістка даведалася, што праверка ідзе ў тым ліку на падставе ч. 3 арт. 23.5 КаАП (“Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі”), а менавіта — “незаконны выраб і (альбо) распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі”.

“Вось толькі на пытанні, у чым канкрэтна гэта выяўляецца, ніводнага факту, які б указваў на нейкае парушэнне, мне ў міліцыі так і не назвалі. Склалася ўражанне, што нехта хоча штосьці выведаць і моцна непакоіцца”, —  распавяла Ірына Дамарацкая.

Акрамя таго, інспектар назваў і артыкул 19.1 КаАП (“Дробнае хуліганства”), што выглядала яшчэ больш дзіўным.

“Атрымліваецца, што выкладваць факты, пісаць праўду і даваць людзям агучыць свае праблемы — гэта хуліганства? А не плаціць працаўнікам абяцаны заробак своечасова, працаваць без дамоваў і паказваць ім дулі — нармальна? Там міліцыя не бачыць парушэнняў?” — задаецца пытаннем журналістка.

У выніку Ірына Дамарацкая так і не здолела даведацца, што канкрэтна парушыла. Затое ў Ганцавіцкім РАУС яе падрабязна распытвалі, не толькі пра тое, як узнікла тэма пра затрымку заробку, але і на якой падставе працуе сайт “Ганцавіцкі час”.

Ірына Дамарацкая лічыць, што выклік у міліцыю і сутнасць размовы ў РАУС ёсць пераследам за праўду, і мае намер накіраваць скаргі ў пракуратуру і Следчы камітэт, каб там праверылі, ці няма падстаў для ўзбуджэння справы паводле артыкула 197 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — “Пераслед грамадзян за крытыку”.

Чытайце яшчэ:

Распавядаем, якія даныя з ЧКБ маглі трапіць да сілавікоў, што рабіць, калі вы туды пісалі, і як гарантаваць бяспеку, калі пішаце ў боты

У Даніі за 2000 эўра, у Літве за 20, у Польшчы чакаць 8 месяцаў. Як беларусам пабрацца шлюбам за мяжой

«Адбыць у вязьніцы прыдуманы тэрмін — меншая пакута, чым разьвітацца з Радзімай». Андрэй Кузьнечык: год за кратамі

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!