НЕ - ВАЙНЕ!
245

Асуджаныя на працяглыя тэрміны белапанаўцы цяпер яшчэ і ў спісе “экстрэмістаў”

20.01.2023 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

Сілавікі дадалі амаль чатыры дзясяткі чалавек у ведамасны спіс грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежнікаў або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да “экстрэмісцкай дзейнасці”. Цяпер у пераліку і чатыры фігуранты “справы БелаПАН”.

Згодна з абноўленай версіяй, апублікаванай на сайце Міністэрства ўнутраных спраў, на гэты момант у “экстрэмісцкім спісе” 2350 прозвішчаў. У ліку 39 “навічкоў” — асуджаныя журналісты Ірына Леўшына, Дзмітрый Наважылаў, Андрэй Аляксандраў і яго жонка Ірына Злобіна.

Летась 6 кастрычніка Мінскі абласны суд агучыў у закрытым фармаце тэрміны пакарання для чатырох фігурантаў справы недзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Суддзя Вячаслаў Тулейка усім прысудзіў розныя тэрміны ў калоніях агульнага рэжыму. 

Ірына Леўшына (галоўная рэдактарка БелаПАН) — 4 гады.

Дзмітрый Наважылаў (былы гендырэктар БелаПАН) — 6 гадоў.

Андрэй Аляксандраў (экс-намеснік дырэктара БелаПАН) — 14 гадоў.

Ірына Злобіна (сацыёлаг, грамадская актывістка) — 9 гадоў.  

Акрамя таго, палітвязням прызначылі буйныя штрафы: з Андрэя   Аляксандрава суд пастанавіў спагнаць 32 000 рублёў, з Ірыны Злобінай – 25 600 рублёў, з Дзмітрыя Наважылава – 22 400 рублёў. Ірына Леўшына абышлася без матэрыяльнага спагнання.

Праваабарончая супольнасць прызнала ўсіх фігурантаў палітычнымі вязнямі. На пачатку студзеня Вярхоўны суд разглядаў іх апеляцыйныя скаргі, але пакінуў без задавальнення

Занясенне ў так званыя “экстрэмісты” мае шэраг абмежаванняў у асабістых і прафесійных правах, якія распаўсюджваюцца ў тым ліку на перспектыву.  

Так, згодна часткам 3 і 4 артыкула 18 закона "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму", грамадзянам, у дачыненні да якіх прысуд уступіў у законную сілу, на працягу 5 гадоў пасля пагашэння або зняцця судзімасці забараняецца:

  • займацца дзейнасцю, звязанай з абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў, зброі і боепрыпасаў, выбуховых рэчываў

  • педагагічнай дзейнасцю (у частцы рэалізацыі зместу адукацыйных праграм)

  • выдавецкай дзейнасцю

  • займаць дзяржаўныя пасады

  • праходзіць ваенную службу.

Ірыну Леўшыну і Дзмітрыя Наважылава затрымалі 18 жніўня 2021 года, Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна за кратамі яшчэ раней, ад 12 студзеня.

Андрэю Аляксандраву, Ірыне Леўшынай і Дзмітрыю Наважылаву інкрымінавалася “стварэнне і дзейнасць экстрэмісцкага фармавання”, хоць усіх затрымалі задоўга да рашэння КДБ прызнаць інфармагенцтва БелаПАН “экстрэмісцкім фармаваннем”.  

Андрэя Аляксандрава і Ірыну Злобіну спачатку абвінавацілі ў “падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў беспарадках” (за тое, што аплочвалі штрафы ўдзельнікам мірных пратэстаў). А ўжо за кратамі з’явілася нагрузка ў выглядзе “здрады дзяржаве”.

Усё той жа Андрэй Аляксандраў, толькі цяпер у тандэме з Дзмітрыем Наважылавым, праходзіў як падазраваны ў нявыплаце падаткаў ад  дзейнасці інфармацыйнага агенцтва ў эквіваленце 200 тысяч долараў на момант выстаўлення фінансавых прэтэнзій.

Практычна адразу пасля суда, нават не чакаючы выніку апеляцыйных скаргаў, усіх белапанаўцаў перавялі з мінскага следчага ізалятара №1 у іншыя пенітэнцыярныя ўстановы. Андрэй Аляксандраў і Дзмітрый Наважылаў цяпер у СІЗА №2 Віцебска, Ірына Леўшына і Ірына Злобіна — у СІЗА №3 Гомеля. Там яны чакаюць далейшага размеркавання ў калоніі.

Чытайце яшчэ:

Кого считают журналистом в Литве и какие права дает статус? Отвечают эксперты

Как беларусские журналисты проводят международные расследования

10 гадоў таму ў Гродне загінуў паэт і журналіст Юрый Гумянюк

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!