384

Асуджаны за рэпост у "ВКонтакте": Я чатыры гадзіны гартаў сваю стужку, каб знайсці той допіс

24.12.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

За рэпосты ў сацсетках асуджаны чарговы гарадзенец. Пра гэта паведамляў раней інфармацыйны рэсурс hrodna.life. Ягонае імя і прозвішча, а таксама некаторыя важныя дэталі судовага працэсу не раскрываліся. Мы вырашылі высветліць усе падрабязнасці гэтай справы. Абвінавачаным за перапосты аказаўся гродзенец Уладзімір Глазкоў.

Уладзімір распавёў, што напрыканцы лістапада яму патэлефанаваў палкоўнік галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС і паведаміў, што ў дачыненні да яго будзе распачаты адміністрацыйны працэс.

Падставай стала тое, што ў ягоным акаўнце “ВКонтакте” знайшлі выявы з вядомай абрэвіятурай футбольных ультрас, адна з расшыфровак якой можа мець негатыўнае вызначэнне супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Характэрна, што рэпосты гэтай абрэвіятуры Глазкоў зрабіў яшчэ на пачатку 2016 года — за два з паловай гады да прызнання яе экстрэмісцкай паводле рашэння суда Аршанскага раёна і г. Ворша 30 жніўня 2018 года.

Пасля супрацоўнік ГУБАЗіК прыехаў да Уладзіміра Глазкова на працу і ўзяў у яго тлумачэнні.

14 снежня ў судзе Кастрычніцкага раёна адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы за перапосты ў сацсетцы. Суддзя Руслан Хіхол прызнаў Уладзіміра Глазкова вінаватым у распаўсюдзе экстрэмісцкай інфармацыі і пакараў штрафам у памеры 15 базавых велічыняў (367,5 рублёў) паводле ч. 2 арт. 17.11 КаАП РБ.

Ч. 2 арт. 17.11 КаАП РБ: Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства.

Уладзімір Глазкоў у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” паведаміў пра сваю справу дадатковыя важныя звесткі:

“Каб выдаліць канкрэтна гэтыя рэпосты з пачатку 2016 года мне давялося пракручваць сваю сцяну ў сацсетцы “VK” без перапынку цягам 4 (!) гадзін. Як сказаў мне палкоўнік ГУБАЗіКа, ёсць асобныя супрацоўнікі, якія займаюцца старонкамі ў сацсетках, і судовых працэсаў зараз мноства, але не ўсе яны набываюць розгалас. Таксама ён паведаміў, што досыць часта падобная абрэвіятура сустракаецца ў акаўнтах футбольных фанатаў, і іх штрафуюць за гэта на 10-12 базавых велічыняў. Лічу, што гэта яшчэ адзін спосаб для папаўнення бюджэту. На гэты момант я пакуль разглядаю магчымасць абскардзіць гэты прысуд, аднак, на маю думку, гэта наўрад ці нешта зменіць”.

Гэта чацвёрты вядомы судовы працэс у Гродне за рэпост у сацыяльных сетках. Раней паводле гэтага ж артыкула КаАП ужо былі пакараныя: лідар беларускага гурта “Dzieciuki”, сябра ГА “БАЖ” Аляксандр Дзянісаў, жыхар Івацэвічаў Уладзіслаў Серада і гродзенец Аляксандр Горбач. Усе яны спрабавалі абскардзіць рашэнні першай судовай інстанцыі ў Гродзенскім абласным судзе, аднак пастановы раённых судоў былі пакінутыя без змен (1, 2, 3).