306

Арыштавалі на 15 сутак за рэпост “ВКонтакте” полацкага актывіста Круткіна

29.11.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Суддзя Віктар Баліко пакараў Алеся Круткіна арыштам на 15 сутак за рэпост допісу з групы “Еўрапейская Беларусь” на ўласнай старонцы ў сацыяльнай сетцы. У гэтым паведамленні цытуецца заклік Арсеня Дзядка прыходзіць 15 лістапада на Кастрычніцкую плошчу.

Алесь Круткін ад свайго імя не дадаў анічога, але ў суд Полацка і Полацкага раёна прызнаў яго вінаватым у парушэнні ч.3 арт. 23.34 КаАП — “Парушэнне парадку правядзення і арганізацыі масавых мерапрыемстваў”, у прыватнасці, за паўторнае (цягам года) парушэнне гэтага артыкула.

На судзе прысутнічаў кіраўнік Полацкай суполкі ГА "БАЖ" Віктар Стукаў.

— Учора Алесь Круткін пайшоў у міліцыю, каб забраць свае тэлефоны — іх адабралі ў яго ў межах папярэдняй адміністрацыйнай справы. Але з міліцыі ўжо не выйшаў — яго затрымалі.

Мінулую ноч ён правёў у ізалятары часовага ўтрымання, і толькі каля 14-й гадзіны яго прывезлі ў суд.

Паводле Віктара Стукава, суддзя Віктар Баліко заўважыў, што ў Алеся Круткіна ёсць нясплачаныя штрафы, вынесеныя за ранейшыя правапарушэнні. І раз гэтая мера не дзейнічае, то рашэнне суда наступнае: пакараць Круткіна арыштам на 15 сутак.

Што да падставаў для пакарання, то яны здзівілі і самога актывіста: на ягонай старонцы “ВКонтакте” было размешчана некалькі рэпостаў наконт 15 і 16 лістапада, і чаму суд вырашыў, што правапарушэннем з’яўляецца менавіта гэты, так і засталося не зразумелым.