536 0

Артыкул, па якім пераследавалі Аляксандра Алесіна, выключылі з Крымінальнага кодэкса

28.01.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

25 студзеня стала вядома пра прыпыненне крымінальнай справы ў дачыненні да журналіста і вядомага вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна. Верагоднай прычынай прыпынення справы стала поўнае выключэнне Законам Рэспублікі Беларусь ад 5 студзеня 2016 года з Крымінальнага кодэкса артыкула 356.1 - «Устанаўленне супрацоўніцтва са спецыяльнай службай, органам бяспекі або разведвальным органам замежнай дзяржавы».

Змены ў Крымінальны кодэкс увойдуць у сілу 4 красавіка. Мяркуецца, што тады справа супраць Алесіна будзе канчаткова закрыта.

Нагадаем, што вайсковага эксперта, аглядальніка штотыднёвіка «Белорусы и рынок» Аляксандра Алесіна затрымалі беларускія спецслужбы 25 лістапада 2014 года. Пра гэта стала вядома толькі на пачатку снежня, але ні прычын затрымання, ні месцазнаходжання журналіста КДБ не паведамляла. Пазней высветлілася, што яго ўтрымліваюць у следчым ізалятары КДБ.

Першапачаткова яму было выстаўлена абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве (артыкул 356 Крымінальнага кодэкса) і ўсталяванні супрацоўніцтва са спецыяльнай службай органаў бяспекі або выведвальным органам замежнай дзяржавы (артыкул 356-1).

10 снежня 2014 года Алесіна вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. Абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве з яго знялі і пакінулі толькі абвінавачанне ў супрацы з замежнай спецслужбай. Следчых дзеянняў з журналістам даўно не вялося.

9 снежня 2015 года прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі звярнуліся да беларускіх уладаў з заклікам спыніць палітычна матываваныя крымінальныя справы да шэрагу грамадзян краіны. Першым у спісе згадвалася прозвішча Аляксандра Алесіна.

25 студзеня 2016 года стала вядома, што Камітэт дзяржаўнай бяспекі прыпыніў крымінальную справу ў дачыненні да Аляксандра Алесіна і зняў з журналіста падпіску аб невыездзе.

Каментары