820

«Арганізатары спалохаліся» — Алексіевіч пра патрабаваньне да журналістаў узгадняць публікацыі зь яе сустрэчы з айцішнікамі

05.01.2019 Крыніца: Ганна Соусь, Радыё Свабода

9 студзеня мае адбыцца адкрытая сустрэча з нобэлеўскай ляўрэаткай Сьвятланай Алексіевіч, якую ініцыявала кампанія Andersen People. Высьветлілася, што арганізатары патрабуюць у журналістаў узгадняць зь імі матэрыялы, якія яны падрыхтуюць па выніках.

Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч назвала абсалютным глупствам патрабаваньне арганізатараў сустрэчы да журналістаў узгадняць матэрыялы.

«Я ўпершыню з такім сустракаюся, і буду зьвязвацца з арганізатарамі, каб патлумачыць ім сваю пазыцыю. Калі аўтар часам патрабуе ўзгадненьня, я гэта разумею, але калі арганізатары сустрэчы...», — сказала яна Свабодзе.

«Я ня ведала пра такія патрабаваньні, калі пагаджалася на сустрэчу. Гэта прынамсі, дзіўна, калі не сказаць больш жорстка. Я бачу, што цяпер шмат перастраховак, зьвязаных з сустрэчамі са мной. Гэта і сытуацыя з маімі кнігамі, якія бібліятэкі адмовіліся ўзяць. Праўдападобна, што самі арганізатары спалохаліся», — выказала сваю вэрсію нобэлеўская ляўрэатка.

«Праграміст пастаянна думае, — гаворыцца на старонцы Andersen People ў FB. — І адзіны спосаб расслабіцца — гэта нейкі час думаць не пра працу. А пра што-небудзь глыбокае, узвышанае слушнае. Напрыклад, пра літаратуру. 9 студзеня адбудзецца сустрэча зь першым Нобэлеўскім ляўрэатам незалежнай Беларусі, дзе вы зможаце задаць уласныя пытаньні і даведацца, што Святлана Аляксандраўна думае пра цяперашні сьвет, сучасную культуру і інфармацыйныя тэхналёгіі. Ніякай палітыкі, толькі гутарка паміж разумнымі людзьмі. У кожнага будзе магчымасьць задаць хвалюючае яго пытаньне, аўтар найлепшага — атрымае падпісаны экзэмпляр кнігі. Уваход бясплатны».

​Паколькі колькасьць месцаў у залі абмежаваная, арганізатары прасілі зарэгістравацца жадаючых. Неўзабаве зьявілася паведамленьне, што месцы скончыліся, адзначае партал dev.by.

Каб СМІ маглі трапіць на сустрэчу, журналістам трэба запоўніць спэцыяльную форму, у якой яны абавязваюцца аддаць матэрыял з сустрэчы на зацьвярджэньне.

«Запаўняючы гэтую анкету, вы згаджаецеся перад публікацыяй даць вашыя матэрыялы на зацьвярджэньне арганізатарам мерапрыемства. Адпраўляйце іх па адрасе n.izoitko@andersenlab.com з пазнакай "Алексіевіч — СМІ". Калі вы парушыце гэтае пагадненьне, мы будзем вымушаныя абмежаваць ваш доступ на нашы мерапрыемствы ў будучыні. Спадзяемся на сумленнае, прадуктыўнае і доўгачасовае супрацоўніцтва», — гаворыцца ў форме.

Журналісты dev.by зьвярнуліся да арганізатараў мерапрыемства з просьбай растлумачыць сытуацыю. Але пасьля пісьмовых кантактаў у прадстаўнікоў Andersen People пазыцыя зьмянілася:

— Мы ў цэлым супраць асьвятленьня гэтай сустрэчы ў СМІ, — сказалі ў Andersen People, — Гэта для таго, каб мець магчымасьць кантраляваць асьвятленьне сустрэчы.

— Гэта ініцыятыва Andersen People або ўмова Святланы Алексіевіч? Хто менавіта будзе правяраць? Вы ці яна?

— У дадзеным выпадку, гэта ня мае значэньня.

Вось як пракамэнтаваў сытуацыю прадстаўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі ў Фэйсбуку: «Аб свабодзе слова ў Беларусі. Арганізатар сустрэчы са Святланай Алексіевіч! IT-кампанія Andersen патрабуе ад журналістаў узгадніць тэкст перад публікацыяй... Ганьба!»

На сустрэчу 9 студзеня пойдзе і карэспандэнт Свабоды.