2633

Арганізацыя прэс-канферэнцыі па справе Regnum'а з’яўляецца заўчаснай, — СК адказаў БАЖу

29.05.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Следчы камітэт лічыць заўчасным правядзенне прэс-канферэнцыі для СМІ па справе абвінавачаных Regnum'аўцаў Паўлаўца, Алімкіна і Шыпценкі. Гэта вынікае з адказу на зварот ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” адносна прадастаўлення журналістам інфармацыі па гучных крымінальных справах. Наконт інфармацыі па “справе патрыётаў” у адказе ні слова.

— З моманту ўзбуджэння крымінальнай справы ў дачыненні Ю. Паўлаўца, Д. Алімкіна і С. Шыпценкі Следчым камітэтам давалася афіцыйная інфармацыя розным СМІ, у тым ліку замежным, не менш за пяць разоў, — гаворыцца ў адказе начальніка аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю цэнтральнага апарату СК Сяргея Кабаковіча.

— Зыходзячы з сітуацыі па крымінальнай справе, узбуджанай у дачыненні Ю. Паўлаўца, Д. Алімкіна і С.Шыпценкі, арганізацыя прэс-канферэнцыі з удзелам прадстаўнікоў СМІ з’яўляецца заўчаснай, — адзначаецца ў адказе.

Нагадаем, у траўні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” афіцыйна звярталася да кіраўнікоў Следчага камітэта, КДБ і генеральнага пракурора з заклікам агучыць інфармацыю аб ходзе расследавання рэзанансных крымінальных спраў: “справы патрыётаў” і “справы Regnum'аўцаў”.

БАЖ заклікае сілавікоў агучыць інфармацыю аб ходзе расследавання "справы патрыётаў" для ўсіх СМІ

Абвінавачаныя па так званай “справе патрыётаў” знаходзяцца за кратамі з сакавіка гэтага года, аднак афіцыйнай інфармацыі для журналістаў СМІ ўсіх формаў уласнасці так і не было прадастаўлена.

Выходзілі ў свет толькі матэрыялы некаторых дзяржаўных СМІ, заснаваныя, як сцвярджалася ў іх, на інфармацыі следства. Пры гэтым, як правіла, не называліся ні аўтары гэтых матэрыялаў, ні службовыя асобы, якія падалі звесткі па крымінальных справах, а самі матэрыялы часта выглядалі суб'ектыўнымі і аднабаковымі.

Падобным жа чынам прадастаўляецца ў СМІ і інфармацыя па "справе Regnum'аўцаў" Ю. Паўлаўца, Д. Алімкіна і С. Шыпценкі, якія ўжо амаль палову года ўтрымліваюцца пад вартай па абвінавачанні ў распальванні нацыянальнай варожасці. Гэтая крымінальная справа таксама выклікае грамадскі рэзананс, разам з тым агучваецца мінімальная афіцыйная інфармацыя аб ходзе расследавання.

Адказаў ад КДБ і Генеральнай пракуратуры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”  пакуль не атрымала.

Фота sk.gov.by

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!