133

Арцёма Сізінцава будуць судзіць 16 верасня ў Жодзіне

08.09.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Незалежны журналіст, які супрацоўнічае з "Беларускім Радыё Рацыя", 8 верасня быў часова вызвалены з жодзінскага ізалятара. 16 верасня Арцём Сізінцаў мусіць явіцца ў суд на разгляд адміністрацыйнай справы паводле арт. 23.34 КаАП. Журналіста вінавацяць ва ўдзеле ў масавай вулічнай акцыі, хаця падчас затрымання ён тлумачыў сілавікам, што выконвае прафесійныя абавязкі.

Арцём Сізінцаў распавёў пра сваё затрыманне, якое адбылося 6 верасня ў Мінску:

“Гэта быў традыцыйны Марш за незалежнасць, я на ім працаваў. Супольна вырашылі ў рэдакцыі, што трэба сачыць за ім ад пачатку калоны — у Заводскім раёне. Таму я адправіўся туды, пачаў асвятляць падзеі з месца для радыё. Мы рухаліся з калонай, на вуліцы Чабатарова, гэта ў Трактаразаводскім пасёлку, нас узялі ў кола і затрымалі практычна ўсіх.

Я паведаміў, што я журналіст, што знаходжуся пры выкананні абавязкаў. Але для ўсіх быў аднолькавы артыкул. Пратаколы як пад капірку, толькі імёны і прозвішчы для кожнага свае”.

Паводле Арцёма Сізінцава, больш за сотню затрыманых размясцілі ў актавай зале Заводскага РАУС. Гэта былі людзі абсалютна рознага веку, і не толькі ўдзельнікі акцыі: прыкладам, міліцыянты затрымалі мясцовага жыхара, які толькі выйшаў з дома. На сваёй старонцы ў Facebook  журналіст адзначае, што не варта залішне даваць веры абяцанням сілавікоў. На ягоных вачах супрацоўнікі МУС паабяцалі, што ўсіх жанчын і дзяўчат адпусцяць, але свайго слова не стрымалі. Жанчын трымалі разам з усімі ў далёкіх ад камфорту ўмовах, і адна з дзяўчат нават страціла прытомнасць.  Што да стаўлення з боку міліцыянтаў, то Арцём Сізінцаў кажа, што яго не збівалі. Але і не ставіліся па-чалавечы да тых, каго затрымалі: гучалі запалохванні нейкімі ўяўнымі турэмнымі тэрмінамі, і ўвесь час супрацоўнікі міліцыі нецэнзурна лаяліся.

Хлопец адзначае, што ў асяродку сілавікоў яўна вядзецца ідэалагічная прапаганда, і многія міліцыянты лічаць незалежных журналістаў нейкімі агентамі замежнай выведкі. Прыкладам, у яго самога некалькі разоў пыталіся, ці не грамадзянін ён замежнай краіны. Здзіўляла міліцыянтаў і беларуская мова ў штодзённым ужытку. Яшчэ адна выснова ад Арцёма Сізінцава — пра тое, што ў людзей змяняецца стаўленне да працы журналістаў. Гэта ён адчуў і па размовах у пастарунку, і ў жодзінскім ізалятары часовага ўтрымання, куды яго пазней перавезлі.

“Колькі б па дзяржаўным тэлебачанні не казалі, што замежныя журналісты паклёпнічаюць на беларускую рэчаіснасць, людзі бачаць, як прадстаўнікі незалежных СМІ працуюць у небяспечных варунках, падчас акцый. І ўрэшце пераконваюцца, што галоўная прафесійная задача сапраўдных журналістаў — гэта праўдзівае інфармаванне, а не прапаганда”, — кажа журналіст.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!