НЕ - ВАЙНЕ!
549

Апеку над зняволеным журналістам Дзянісам Івашынам узяў парламентарый з Ірландыі

01.07.2021 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Член парламента Ірландыі Сін Хогі (Séan Haughey) узяў апеку над беларускім палітвязнем, журналістам Дзянісам Івашыным.

"Для мяне вялікі гонар прыняць апеку над Дзянісам Івашыным. Дзяніс — выдатны журналіст-расследавацель, які выкрыў працу беларускага рэжыму і яго адносіны да незаконнай дзейнасці "Беркута". Свабода СМІ — краевугольны камень любой ліберальнай дэмакратыі, і журналісты маюць права выконваць сваю працу без страху, запалохвання і пераследу. Дзяніс з'яўляецца палітвязнем, і яго трэба неадкладна вызваліць з турмы разам з усімі іншымі палітвязнямі ў Беларусі", — заявіў ірландскі палітык Сін Хогі (Séan Haughey).

 Сін Хогі (Séan Haughey)

#WeStandBYyou — кампанія салідарнасці, у межах якой палітыкі бяруць пад апеку беларускіх палітвязняў.  Усе, хто стаіць на баку палітычна пераследаваных у Беларусі, могуць выказаць сваю салідарнасць, выкарыстоўваючы хэштэг #WeStandBYyou ў сацыяльных сетках і распаўсюджваць там матыў кампаніі.

Дзяніс Івашын працуе як рэдактар-валанцёр беларускай версіі сайта міжнароднай раследвальнай супольнасьці InformNapalm з 2014 года, а таксама пазаштатным карэспандэнтам у газеце «Новы час» з 2018-га.

Дзяніса Івашына 12 сакавіка затрымалі супрацоўнікі КДБ за ўмяшанне ў дзейнасць міліцыі. Праходзіць па артыкуле 365 Крымінальнага кодэкса.

Да позняй ночы ў кватэры журналіста сілавікі праводзілі ператрус. Таксама ў той вечар вобшук зрабілі дома ў маці Дзяніса, а 15 сакавіка прыйшлі з вобшукам да яго 95-гадовай бабулі.

— У хаце і на лецішчы правялі ператрусы, вымалі ўсе носьбіты інфармацыі: тэлефоны, ноўтбукі, камп'ютары, сім-карты, банкаўскія карткі, кнігі, нататнікі, запісы, грошы ды розную драбязу кшталту сцяжкоў, значкаў, візітак ды інш. Вельмі цікавіла ўсе, звязанае з Украінай, хоць у пастанове на ператрус згадваецца крымінальны артыкул нібыта за распаўсюд асабістай інфармацыі. Цяпер Дзяніс знаходзіцца ў турме № 1 Гродна, — паведаміла жонка журналіста Вольга Івашына.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!