У госці да сайта ГА “БАЖ” завітаў заснавальнік і нязменны вядучы курсаў “Мова нанова”, журналіст і аўтар аднайменнай перадачы на “Белсаце” Глеб Лабадзенка. Анлайн-канферэнцыю вёў Барыс Гарэцкі.
Ці прывядзе вайна з United Company да перамогі? Якія СМІ варта чытаць беларускамоўнаму беларусу? На што ў мове трэба звяртаць увагу самім журналістам? Адказы на ўсе зададзеныя чытачамі пытанні глядзіце ў відэа.
Пра канфлікт з аўтазапраўкай United Company
Антон Матолька — нармальны пацан. Ёсць яшчэ Ігар Случак у Гомелі. Хаця іх некаторыя называюць стукачамі і параўноўваюць з людзьмі з савецкіх часоў. Я не жыў за савецкім часам і мне няма з чым параўноўваць. Але я люблю парадак – не хачу каб у пад’ездзе было засмечана, каб на газоне паркаваліся. І вось на газоне нехта запаркаваўся, адзін чалавек пазваніў у ДАІ, а людзі пачынаюць абурацца: “Пацук, стукач, паскуда такая — даносы робіш”. Я, што праўда, пакуль у ДАІ не пісаў скаргі. Але неяк мужык каля дома запаркаваўся на газоне, я запіску пакінуў: “Яшчэ раз так запаркуешся, пракалю колы і пазваню ў ДАІ”. Усё — цяпер паркуецца як бусечка па правілах.
Гісторыя з United Company, як бы ні было далей, скончылася маральнай перамогай. Была мэта паказаць, што нельга дзе заўгодна ўключаць прапаганду, і нельга так паводзіцца з кліентамі, якім нешта не падабаецца.
Цяпер чакаецца два суды — адзін за паказ канала “Расія 24”, але я праходжу па справе як сведка і мне могуць не паведаміць пра пасяджэнне. А прабачэння папрасілі за той факт, што на беларускамоўны зварот адказалі па-руску. У выпадку суда ім гэтае выбачэнне будзе залічанае як змякчальная акалічнасць. Штраф там невялікі, але іміджавыя страты большыя.
Цяпер пра гэтую справу многія ведаюць. У адказ на расійскую прапаганду і хамства іміджавыя страты для United Company — дастатковае пакаранне.
Якія СМІ варта чытаць
Часу на прачытанне СМІ робіцца ўсё менш. Цяпер я чытаю “Нашу Ніву” — яны робяць нармальную для мяне падборку інфармацыі. Я не рэкламую іх і па-рознаму стаўлюся да матэрыялаў і ўчынкаў. Але падборкі іх навін мне дастаткова.
Яшчэ чытаю замежныя СМІ. Напрыклад, падчас нядаўняга канфлікту ў Польшчы вакол тэмы абортаў імкнуўся чытаць Rzeczpospolita, Gazeta Wyborcza. Студэнтам на курсах яшчэ раю чытаць сайты “Еўрарадыё” і “Радыё Свабода”.
Але сёння галоўныя СМІ — сацыяльныя сеткі. Я чытаю і іншыя сайты, калі зачэпіцца вока за спасылку. Ні Tut.by, ні Onliner.by я мэтанакіравана не чытаю. Мне, да слова, не спадабалася некалькі выхадак Onliner.by наконт беларускай лацінкі, калі яны проста па-хамску зняважылі гістарычную беларускую сістэму правапісу. І не выбачыліся. Гэта ўсё адно, калі б яны напісалі «Янка Купала — мудак». Бо лацінка — гэта каласальны пласт беларускай культуры. Увогуле не дапускаю, каб людзі дазвалялі сабе грэблівыя выказванні ў бок беларускай мовы.
Бывае, нехта кідае спасылкі на артыкулы «Звязды» — з задавальненнем чытаю. Нядаўна быў матэрыл з краязнаўцам Паўлам Каралёвым пра Палацава-паркавы ансамбль ХVІІІ стагоддзя ў вёсцы Сёмкава — там жыў апошні мінскі ваявода Адам Хмара, гасцяваў Панятоўскі, быў Якуб Колас.
Я чытаю толькі СМІ, якія мяне не раздражняюць. Гэта — свабода выбару і дэмакратыя. Можа раздражняць толькі тое, што я лічу непрафесійным — загаловак, нейкі прыём, матэрыл. Нават я б сказаў, што гэта прыцягвае маю ўвагу. Агулам кожны чытач — спажывец прадукту медыя — галасуе сабой, сваёй прыхільнасцю.
На што ў мове звяртаць увагу журналістам
Я супраць таго, што называюць «грамар-нацы». У нас усе так любяць даваць парады, такія разумныя, дактары навук проста. Калі чалавек ідзе да беларускай мовы і пачынае пісаць у Facebook допісы па-беларуску, то абавязкова знойдуцца тыя, хто будзе вышукваць памылкі. Я некаторых проста блакую, бо яны ў каго заўгодна адаб'юць ахвоту да мовы. У СМІ я часам чапляюся за русізмы, нейкія савецкія формы слоў, бо ад такога мова выглядае непрыгожа. А стаяць з лінейкай і біць па руках за тое, што нехта напісаў «халадзільнік», а не «лядоўня» — ненармальна.
Калі пачынаў працаваць журналістам, то адна карэктарка выправіла ў маім тэксце «Еўфрасіння» на «Ефрасіння» — паказала слоўнік і аргументавала тым, што пісала так усё жыццё і будзе пісаць. Праблема, што ёсць такія слоўнікі і людзі на іх спасылаюцца. Можна ўзяць той жа слоўнік Крапівы, але там ёсць словы «трапка» і «карандаш». Самы поўны — слоўнік Піскунова, але ён не акадэмічны, слоўнікі Байкова-Некрашэвіча, Ластоўскага – таксама не акадэмічныя. Лічу, што трэба верыць свайму сэрцу. Я праводзіў кожнае лета ў бабулі ў вёсцы ў Слуцкім раёне. Мова гэтага рэгіёна была ўзятая за аснову беларускай літаратурнай мовы. У мяне ўсплываюць словы з таго часу, а мне гавораць, што гэта няправільна. І што мне цяпер, выкінуць гэтае слова з галавы, калі яго няма ў слоўніках?
Пра «Спутнік»
Я адфрэндзіў усіх людзей, якія пайшлі працаваць на «Спутнік». Я лічу амаральным працаваць на гэты адкрыта прапагандысцка-фашысцкі рэсурс. Сярод маіх сяброў не можа быць людзей, якія там працуюць.
Пытанне ад журналістаў «Звязды»: Ці не шкадуеце пра сыход з пішучай журналістыкі?
Любыя змены я стараюся ўспрымаць як рух наперад. Жыццё ж ідзе. І можна нейкі час не пісаць, а потым нешта замовяць напісаць, ці запросяць на працу. Галоўнае, каб было цікава працаваць. Я не шкадую пра такія змены ў жыцці. Калі будзе прапанова ад «Звязды», можна будзе абмеркаваць.
Пра пераход СМІ да наркамаўкі
Мы таксама на курсах вучым людзей афіцыйнаму правапісу. Калі нехта піша з мяккім знакам, а нехта без, гэта не значыць, што адзін чалавек дрэнны, а другі добры. На сённяшнім этапе, дай нам Бог, хоць якой беларускай мовы. Я таксама збольшага пішу ў публічнай прасторы на наркамаўцы. Сёння няма раскошы выбару, таму я стаю на пазіцыі «хоць неяк». У адным з промаролікаў Віталь Гуркоў гаворыць: «Мая беларуская мова — родная, але гэта не значыць, што я на ёй гавару паўсюль». Нехта пачынае абурацца, што гэта паўмеры. Але мы не прыхінем да сябе людзей радыкальнымі захадамі.
Пра канфлікт Камісіі па этыцы ГА «БАЖ» і рэдакцыі «Нашай Нівы»
Цяжка паліткарэктна адказаць, што я пра гэта думаю. Я раскажу пра сваё ўражанне ад сутыкнення з Камісіяй. Я не жыў у савецкі час і не прыспеў таварысцкіх судоў, публічных асуджэнняў. У час разбору маёй справы я на гадзінку акурат патрапіў у такую атмасферу. І вырашыў, што больш на такое не пайду. І яшчэ: «А суддзі хто?» Я — анархіст, не хаджу на пасяджэнні і сходы. І сам для сябе вырашу, што для мяне этычна. Думаю, гэтак і кожны чытач самастойна вырашае, што закранае той ці іншы матэрыл, фотаздымак.
Цалкам адказы Глеба Лабадзенкі на пытанні глядзіце ў відэа.