Гродзенскі журналіст, сябра ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Анджэй Пісальнік абраны старшынёй Федэрацыі Польскіх медыя на Усходзе. Гэтая Федэрацыя аб'ядноўвае медыя, што працуюць на польскай мове ў Беларусі, Літве, Латвіі і ва Украіне.
Абранне Анджэя Пісальніка адбылося 26 верасня 2017 года падчас Вальнага збору (генеральнай асамблеі) федэрацыі ў Бельведэрскім палацы ў Варшаве.
— Федэрацыя Польскіх медыя на Усходзе аб’ядноўвае рэдакцыі СМІ, якія знаходзяцца на усход ад Польшчы і служаць польскай меньшасці. У Беларусі гэта перадусім медыя, якія выдаюцца Саюзам Палякаў на Беларусі. Гэты саюз з’яўляецца нелегальнай арганізацыяй у Беларусі паводле дзеючага заканадаўства. Адпаведна, і медыя гэтыя ёсць нелегальнымі і падпольнымі, — распавёў Анджэй Пісальнік пра выданні, якія ў Беларусі скіраваныя на польскую меншасць. — Наклады нашых медыяў не рэгулююцца рынкавымі стасункамі, бо мы не распаўсюджваем іх за грошы. Калі казаць пра Głos znad Niemna na uchodźstwie, то яго наклад — каля дзвюх тысяч асобнікаў.
Спадар Анджэй заўважыў, што абранне яго на пасаду старшыні Федэрацыі Польскіх медыя на Усходзе — гэта крок маральнай падтрымкі для журналістаў, якія тут працуюць.
"У Беларусі польскія медыя працуюць у больш складаных умовах, і такім чынам калегі з Украіны, Літвы і Латвіі хацелі нас падтрымаць. Я гэта ўспрымаю як знак павагі да той справы, што мы робім", — гаворыць Анджэй Пісальнік.
Ва Украіне, Літве, Латвіі выданні для польскай меншасці не маюць вялікіх накладаў, але яны з’яўляюцца нармальнымі ўдзельнікамі лакальнага рынку медыя: іх можна набыць за грошы, размясціць рэкламу.
Для жыхароў Гродна Анджэй Пісальнік — вядомы журналіст. У пачатку 2000-х ён спрабаваў зарэгістраваць газету “Рэпарцёр”, супрацоўнічаў з газетамі “Пагоня”, “День”, з рознымі польскімі выданнямі.