Аўтарская калонка

Андрусь Горват. Час, калі не было Facebook'а

04.08.2016 3652

Я разглядаў студэнцкія фотаздымкі і на мяне накаціла настальгія. Я раскажу трохі ўспамінаў пра той час, калі мы не сядзелі ў Facebook, не лайкалі і не каменцілі адзін аднаго.

01_0.jpg

То быў час, калі інтэрнэт ужо існаваў, але яго не было ў нашых галовах. Хоць я завёў паштовую скрыню на mail.ru ўжо на першым курсе, але праглядаў пошту раз на месяц. Сваіх камп’ютараў у нас не было. Аднойчы мая аднакурсніца прывезла з дому маленькі ноўтбучак — дзіва! Мне пашчасціла займець яго на цэлую ноч. І я прасядзеў у Word’зе, каб панабіраць свае тэксты. Тады рукапісы яшчэ былі рукапісамі, а  не файламі. У камп’ютарны клуб, які месціўся ў суседнім інтэрнаце, мы таксама хадзілі «у Word» альбо паглядзець «Масяню».

Час ад часу мы шкодзілі радыё-фізікам, у чыіх пакоях стаялі камп’ютары, аб’яднаныя сеткай. Мы адключалі ім электрычнасць.

У мяне мала ўспамінаў, якія пачынаюцца з «я», амаль усе яны — «мы-ўспаміны».

Галоўны «мы-ўспамін» — мы чыталі кніжкі: Стругацкіх, Пелевіна. «Стараверы» шчэ распаўсюджвалі чарговую хвалю моды на Рэмарка. Вельмі папулярным быў Рычард Бах. Яго малафарматныя томікі пераходзілі з рук у рукі. За імі ўтвараліся чэргі. Мы жылі ў тых кніжках. То было нашае віртуальнае жыццё.

Каб пакінуць камент адзін аднаму, мы сустракаліся ўвечары на коўдрах і дыванах на падлозе. Сустрэчы зацягваліся да позняй ночы альбо да першай лекцыі. Жыццё не спынялася ні на хвіліну! Без інтэрнэта кожны дзень быў такім насычаным, што ў мяне мала ўспамінаў пра тое, як я спаў (і ці спаў?).

Памятаю, як ноччу на вакзале ў Брэсце вельмі мучаліся ад недасыпу і хадзілі туды-сюды. Хадзілі, хадзілі, і знайшлі японца. А з намі ў кампаніі быў кітаец. Паколькі японец — гэта амаль што кітаец (так падумалі мы), то вырашылі з ім пасябраваць. Функцыі зафрэндзіць яшчэ не было — і мы пасябравалі з ім ужывую. Той японец потым прыязджаў да нас у госці ў інтэрнат.

06.jpg

Госці — гэта асобная гісторыя. Яны былі кожны дзень. Не мае, дык сяброў. Каб пакінуць іх у інтэрнаце на ноч, мы ішлі на хітрыкі і нават на вельмі страшныя злачынствы. Калі да мяне прыехалі дзве аднакласніцы, адна прайшла як мая цётка, другую мы запусцілі ў вакно. Кожны дзень да кагосьці з нас прыязджалі цёткі і дзядзькі аднаго з намі ўзросту.

Не было ў нас і мабільных тэлефонаў. Каб пазваніць бацькам і папрасіць даслаць грошай, трэба было адстаяць чаргу да таксафона. Увечары чэргі збіраліся па дзесяць чалавек. На другім курсе з’явіліся пэйджары. Акрамя функцыі атрымоўваць паведамленні, яны выдавалі анекдоты, курсы валют і прагноз надвор’я. Гэта была адзіная забава, якой я бавіў вечары ў кіёску, дзе працаваў начным вартаўніком.

Мы не абмяркоўвалі чужыя акцыі, флэш-мобы і дурасці, а прыдумлялі свае. Памятаю, як засунулі Асі пад вопратку падушку — так імітавалі яе цяжарнасць і высвятлялі, ці будуць ёй саступаць месца ў тралейбусе. Навошта? А проста так.

Начавалі ў саломе за МКАД, выпрабоўвалі свае целы на вынослівасць: хадзілі, лазілі, бегалі, віселі, стаялі — што заўгодна, абы даказаць, што мы —  гэта больш за нашыя целы.

Я так аднойчы зарокся тры дні не спаць, не есці і піць толькі ваду. На другую ноч друкаваў чорна-белыя фотаздымкі на кухні пры чырвоным святле. Ад стомы, недасыпу і голаду той ноччу я пабачыў шмат цікавых глюкаў: дыхалі шпалеры, расцягваліся рукі, а з вуліцы (сёмы паверх!) у вакно зазіраў алімпійскі мядзьведзік і махаў лапкай.

Мы ладзілі вечарыны на Дзень Незалежнасці Харватыі, фарбавалі адзін аднаго хной. Спявалі ў пераходзе, каб зарабіць грошай на муку і спячы бліны.

Яшчэ мы часта хадзілі ў паходы. Падчас аднаго з паходаў мы трохі патролілі Кацю Кібальчыч — будучую асобу года па версіі газеты «Наша Ніва». Каб ведалі, што так будзе, патролілі б болей.

04_0.jpg

А на Новы год залазілі на дах 15-павярховага інтэрната, дзе вадзілі карагод вакол будучага кінакрытыка Адэліны — нашай святочнай ялінкі.

03.jpg

Кіно мы глядзелі ў кінатэатрах. Аднойчы займелі відэакасету «Апошняе танга ў Парыжы» Берталуччы. Знайшлі і старэнькі магнітафон, які падключылі да маленькага чорна-белага тэлевізара майго суседа. Магнітафон зажаваў і сапсаваў плёнку, але нейкі кавалак забароненага ў СССР фільма мы ўсё-такі пабачылі.

Замест парнаграфіі, мы глядзелі перадачу «X-Laski» на польскім тэлеканале, які лаваў той тэлевізар. То была лёгкая эротыка, якая, калі яе праглядаць гурбаю, вельмі весяліла. Асабліва рэклама польскіх презерватываў і сродкаў для павялічэння чэлеса.

Калі пайшла размова пра парнаграфію і чэлес, то трэба трохі дадаць і пра палітыку. То быў час, калі ніхто не думаў, што Лукашэнка стане вечным прэзідэнтам. У паветры яшчэ не вісела безвыходнасць, млявасць і абыякавасць да жыцця.

Падчас прэзідэнцкіх выбараў быў зроблены бясплатны праезд для студэнтаў. Мы тым скарысталіся і наведалі Брэст, Полацк, Віцебск, Магілёў. А Ася не змагла спыніцца, яе з кітайцам Джан Тэем ноччу злавілі мытнікі ў Белавежскай пушчы — недзе ля мяжы з Польшчай.

Сёння Ася Дарафеева — старшыня партыі Зялёных. А я жыву ў дзярэўні і даю казу.

Тады мы не думалі, кім станем, проста любілі жыццё і не сядзелі на месцы. Я найбольш удзячны Асі за гэтыя ўспаміны.

02.jpg

А яшчэ — Марку Цукенбергу. За тое, што прыдумаў Facebook. Але асабліва за тое, што не прыдумаў яго раней.

 

Анлайн-канферэнцыя са Святланай Калінкінай. Пятніца, 12:00. Дасылайце пытанні!