271

Андрэя Мельнікава пакаралі 10 суткамі арышту за “дробнае хуліганства”

30.01.2023 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

Вядомы бард, літаратар, журналіст Андрэй Мельнікаў затрыманы за “дробнае хуліганства” і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання Мінскага раёна. Абставіны “правапарушэння” з боку 57-гадовага творцы невядомыя.

Раптоўным “знікненнем” Андрэя Мельнікава сваякі занепакоіліся яшчэ 26 студзеня — той проста перастаў выходзіць на сувязь. Як расказаў ягоны сын Марцін, праз некалькі сутак безвыніковых чаканняў давялося падаць заяву ў міліцыю пра “вышук чалавека”, пасля чаго праваахоўнікі пачалі дзейнічаць. 

А яшчэ пазней Андрэй Мельнікаў “знайшоўся”, як гэта ў Беларусі стала ледзь не звыклай з’явай, — у ізалятары на вуліцы Скарыны ў Мінску. Родным не сталі тлумачыць, у чым канкрэтна яго вінавацяць, толькі паабяцалі, што, маўляў, сам усё раскажа 5 лютага. З чаго можна зрабіць выснову, што гэта адпавядае 10-суткаваму тэрміну адміністрацыйнага арышту — артыкул "дробнае хуліганства" можа аднаасобна прызначаць начальнік РУУС нават без суда.     

Андрэй Мельнікаў — адзін з самых папулярных у Беларусі выканаўцаў аўтарскай песні, заснавальнік фестываляў “Аршанская бітва”, “Талькаўскі фэст”, пераможца і лаўрэат бардаўскіх імпрэзаў. Таксама вядомы як літаратар, эсэіст, навеліст.

Пісальніцкі дэбют здарыўся ў 1987 годзе ў газеце Аршанскага раёна "Ленінскі прызыў".

Затым пад сваім імем і рознымі псеўданімамі друкаваўся з культурніцкімі і літаратурнымі публікацыямі ў аршанскім моладзевым тыднёвіку “Лидер”, рэспубліканскіх газетах  "Звязда", "Чырвоная змена", "Наша ніва", а таксама ў часопісах "Беларусь", “Роднае слова", Arche ды іншых. 

Але найбольшую папулярнасць Андрэй Мельнікаў атрымаў, несумненна, у якасці аўтара-выканаўцы, запісаўшы звыш двух дзясяткаў альбомаў, хіты з якіх потым пераспявалі ці бралі ў свой рэпертуар многія культавыя гурты і выканаўцы.

У біяграфіі Андрэя Мельнікава ўжо ёсць досвед зняволення, прычым, даволі працяглага — у 1997 годзе ён трапіў за краты за "незаконны пераход дзяржаўнай мяжы". Зрэшты, гэта акалічнасць толькі падагрэла хвалю цікавасці да постаці творчай асобы.   

Як стала вядома службе маніторынгу БАЖ, насамрэч у бацькі віза была, але не літоўская, куды яго запрасілі выступіць. У той бок прайшоў без прыгод, а калі вяртаўся — схапілі. Менавіта тады карэспандэнт расійскага канала ОРТ Павел Шарамет зрабіў скандальны рэпартаж пра “дзіравую” беларускую мяжу, і бард якраз патрапіў на "засаду" ад сілавікоў, якія гэта публічна адвяргалі.

Тады збольшага ўвага была сканцэнтравана вакол Паўла Шарамета, якога таксама затрымалі прыкладна ў той жа час. І ўсе ў свеце пільна сачылі менавіта за ім. Але і альбомы Андрэя Мельнікава атрымалі новае прачытанне. Бо сталі звязваць такое доўгае знаходжанне за кратамі з палітычнымі матывамі. Тады ж мяжу шмат хто праходзіў, але для іх сканчвалася ўсё значна прасцей, чым паўгады ў СІЗА.

Такім чынам, зняволены творца адсядзеў у следчым ізалятары 6 месяцаў да суда, а па выніках рэзананснага працэсу яму прысудзілі ўмоўны тэрмін.

З-за турэмных муроў Андрэй Мельнікаў вынес гатовы твор — бадай, першае за часамі незалежнасці эсэ пра турэмны досвед пад назвай "Выжывае падлейшы". Пазней яго надрукаваў часопіс Arсhe — яшчэ да з’яўлення серыі "Турэмная літаратура".

А яшчэ экс-сядзельца ўразіла народная салідарнасць.

“Калі тата сядзеў, то знаёмыя і незнаёмыя людзі на знак падтрымкі ўключалі яму ягоныя ж песні: хтосьці па радыё, хтосьці праязджаючы міма будынка турмы. Адной з такіх рэчаў была "Патануў сусед". Некаторыя лічаць яе сумнай, але я асабіста заўсёды ўспрымаў гэтыя радкі значна глыбей:

Толькі мы і дагэтуль жывем. І не тонем. І хаты стаяць.

І ямо. І смяемся. І п'ем. І спяваем. І будзем спяваць.

І кахаем. І будзем кахаць. А што любім – то і будзем любіць.

А нам на вашыя законы – начхаць! А мы жывем. І далей будзем жыць...

Дык не сумуйма, як тыя, хто веры не маюць”, — падсумаваў Марцін Мельнікаў, спадзеючыся неўзабаве абняцца з бацькам. 

Чытайце яшчэ:

“Каждая история политзаключенного достойна быть услышанной”. Разговор с Politzek.me о значении проекта

«Як раней не будзе. Будзе лепей». Выйшаў мерч з натхняльнымі цытатамі Андрэя Скурко

Пагаршаецца здароўе асуджанага журналіста Сяргея Сацука, у СІЗА яму наўмысна не даюць патрэбныя лекі

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!