302

Андрэй Павук звярнуўся ў пракуратуру, каб высветліць, хто ад яго імя “мініруе” дзяржаўныя ўстановы

16.07.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Вядомы блогер з райцэнтра Акцябрскі, сябра ГА “БАЖ” Андрэй Павук 15 ліпеня накіраваў скаргу генеральнаму пракурору Беларусі. Блогер просіць знайсці асобу, якая ад яго імя дасылала ў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, а таксама ў рэгіянальнае ўпраўленне МНС ілжывыя паведамленні пра мініраванне Акцябрскага райвыканкама і Мазырскага раённага суда.

“Я чакаю ўцямнага адказу з Генеральнай пракуратуры, хто і з якога кабінета падштурхоўвае мяне пад крымінальны артыкул, — кажа блогер Павук. — Мяркую, што тут не абышлося без сілавых структур. Звычайным людзям помсціць мне няма за што — яны толькі дзякуюць за маю працу”.

Папярэднія звароты Андрэя Павука ў раённую і Гомельскую абласную пракуратуры станоўчых вынікаў не далі. У прыватнасці, пракурор Гомельскай вобласці Віктар Марозаў замест высновы пра дастатковасць падстаў на ператрус і крымінальную справу супраць блогера, у адказе ад 10 траўня спаслаўся на небяспеку паведамленняў пра мініраванне для жыцця і здароўя людзей.

Нагадаем, сёлета ў сакавіку супрацоўнікі крымінальнага вышуку правялі ператрус у кватэры блогера, забралі камп’ютарную тэхніку, відэакамеру, мабільныя тэлефоны, а яго самога затрымалі на пяць гадзін на той падставе, што нібыта з яго электроннага адраса ў Гомельскае ўпраўленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне пра мініраванне Акцябрскага райвыканкама.

Аднак скрыншота паведамлення ні міліцыянты, ні следчыя не паказалі.Тым не менш, супраць блогера завялі крымінальную справу паводле часткі 1 артыкула 340 КК — па  факце паведамлення пра  мініраванне райвыканкама,  у якой блогер Павук стаў галоўным падазраваным. Максімальны тэрмін пакарання па  згаданым артыкуле — да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Прыкладна праз  месяц  крымінальны пераслед у дачыненні блогера спынілі.

У траўні гісторыя з “мініраваннем” паўтарылася. На электронную пошту Міністэрства надзвычайных сітуацый паступіла паведамленне пра мініраванне суда ў Мазыры, дзе меўся адбыцца суд над калінкавічскім прадпрымальнікам і блогерам Віталём Манько. Пад падазрэнне зноў патрапіў Андрэй Павук з Акцябрскага. І зноў-такі на той падставе, што ў паведамленні значыўся яго мабільны тэлефон.

З асабістай ініцыятывы блогер звярнуўся ва ўпраўленне Следчага камітэта па Гомельскай вобласці з заявай, у якой прасіў разабрацца, хто выкарыстоўвае яго асабістыя звесткі для ілжывых паведамленняў пра мініраванне дзяржаўных установаў. Пасля заявы інтарэс да Павука ў міліцыі знік.Неўзабаве следства спыніла крымінальную справу ў дачыненні блогера Павука, бо ён быў не датычны да ілжывых паведамленняў пра мініраванне. Забраную тэхніку сям’і блогера вярнулі ў два прыёмы. Але следчыя так і не адказалі на пытанне, хто выкарыстоўвае асабістыя звесткі Андрэя Павука для крымінальных дзеянняў.

Юрыст, сябра ГА “БАЖ” Леанід Судаленка лічыць, што нават калі ў следства меліся дастатковыя падставы падазраваць блогера Павука ў супрацьпраўных учынках, затрымліваць яго і рабіць па месцы жыхарства ператрус, следства абавязана было азнаёміць Павука з гэтымі доказамі.

“Пры  адсутнасці гэтых “дастатковых падставаў” пералічанае можна лічыць свавольствам і беззаконнем,  якія скіраваныя на перашкоду блогеру збіраць, захоўваць і распаўсюджваць інфармацыю”, — заяўляе юрыст Судаленка.