НЕ - ВАЙНЕ!
1442

Андрэй Павук — пераможца конкурсу “За адданасць прафесіі”

08.09.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гомельская філія БАЖ на агульным сходзе падвяла вынікі конкурсу на ўганараванне дыпломам “За адданасць прафесіі”.

Абвяшчэнне лаўрэатаў конкурсу “Вольнае слова” – у пятніцу, 9 верасня

Дыплом “За адданасць прафесіі”  Андрэю Павуку ўручае старшыні Гомельскай філіі БАЖ Анатоль Гатоўчыц

Найбольшыя спрэчкі  і развагі выклікалі трое намінантаў — тандэм Алены Сцяпанавай (Віцебск) з Аляксандрам Зянковым (Барысаў)  і Андрэй Павук з райцэнтра Акцябрскі Гомельскай вобласці.

Удзельнікі сходу з цікавасцю паглядзелі дакумэнтальны фільм  Сцяпанавай і Зянкова “Я лічу, што я шчасьлівы” —  пра журналіста, настаўніка, паэта і барда  Георгія Станкевіча, заснавальніка і выдаўца “самвыдатаўскай” газеты “Крывінка”,  стваральніка сайта Beshankovichy.by .   Адзначана, што фільм зроблены якасна, прафесійна.

Прадстаўлены на конкурс другі фільм “ Выбар Барыса  Хамайды” , раскрывае вобраз найстарэйшага віцебскага дэмакратычнага актывіста і распаўсюдніка незалежнай прэсы. Барыс  Хамайда ў 1990-я гады стварыў адно з першых недзяржаўных выданняў Віцебшчыны — газету “Выбар”, закрытую ўладамі, але дагэтуль не забытую гараджанамі.

Аднак  большасьцю галасоў  удзельнікаў сходу ўганараваць дыпломам “За адданасць прафесіі” вырашана  Андрэя Павука, сябра ГА “БАЖ”, стваральніка суполкі ў сацыяльнай сетцы “Рудабельская паказуха”. Ягоны праект і творчыя высілкі найбольш адпавядалі ўмовам конкурсу.

Конкурс "За адданасць прафесіі" прызваны, па-першае, адзначыць і зрабіць вядомымі грамадскасці выдаўцоў, рэдактараў, журналістаў, карэспандэнтаў, аператараў, фатографаў, распаўсюднікаў друкаваных СМІ, якія сумленна працуюць, нягледзячы на перашкоды. Па-другое: выказаць падтрымку і салідарнасць з калегамі, якія пацярпелі ад уціску і дыскрымінацыі на прафесійнай глебе і праявілі мужнасць, адстойваючы свае правы на прафесійную дзейнасць.

На публікацыі і відэасюжэты ў “Рудабельскай паказусе” рэагавалі ўлады і кантрольныя органы, сам Андрэй Павук зведаў судовы пераслед , паколькі “крыўдзіў” мясцовых чыноўнікаў.   “Рудабельская паказуха” стала своеасаблівым народным тэлебачаннем.  Некаторыя відэасюжэты набіралі да 30 тысяч лайкаў, іх выкарыстоўвалі многія інфармацыйныя інтэрнэт-рэсурсы.

8 верасня адзначаецца Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў. Паводле задумы, у гэты дзень журналісты ўсіх краін і выданняў павінны дэманстраваць свету сваю згуртаванасць, асабліва ў справе абароны сваіх правоў.

Сход філіі

Фота Наталлі Крывашэй

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!