655

Андрэй Дынько: Робім часопіс, якога да гэтага не было

27.09.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Рэдактар “Нашай гісторыі” Андрэй Дынько прэзентаваў 26 верасня ў Гродне другі нумар выдання. Журналіст упэўнены, што сам часопіс – гэта “прарыў у журналісцкай і выдавецкай дзейнасці”.

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/d5_1.jpg

“Ідэя стварэння з'явілася ў мінулым годзе пасля размовы з маім польскім сябрам, – кажа Андрэй Дынько. – Ён заўважыў, што ў Польшчы друкуецца вялікая колькасць гістарычных часопісаў, разлічаных на шырокае кола грамадства. Большасць тых часопісаў з'яўляюцца дадаткамі да вядомых польскіх выданняў. Аднак больш купляюцца менавіта гэтыя гістарычныя дадаткі, чым самі выданні”.

“Наша гісторыя”, па словах рэдактара выдання, таксама разлічаная на шырокае кола чытачоў. Яна мусіла з'явіцца адразу пасля таго, як спыніўся выхад папяровай версіі газеты “Наша Ніва”. Затрымка выхаду першага нумара выдання ў першую чаргу звязаная з рознымі “марынаваннямі” ў Міністэрстве інфармацыі – чатыры месяцы пайшло на рэгістрацыю і атрыманне дазволу на распаўсюд выдання.

“Нам цікава, каб часопіс чытаўся і перадаваўся суседзям, чытаўся сем'ямі. І тады яго прачытаюць як мінімум 30 тысяч чалавек. Але 30 тысяч – гэта зусім малая колькасць для беларускага грамадства. Калі нас будуць чытаць 100 тысяч, тады нешта можна змяніць у свядомасці грамадства”, – кажа Андрэй Дынько.

Аўтары публікацый – гэта гісторыкі, сярод якіх ёсць кандыдаты і дактары гістарычных навук. Другі нумар выдання, напрыклад, складаецца з артыкулаў Андрэя Кіштымава і Васіля Герасімчыка, Міколы Волкава, Сяргея Токця, Уладзіміра Ляхоўскага, Эмануіла Іофэ і іншых вядомых гісторыкаў.

“Першапачаткова наклад першага нумару быў ўсяго тысяча асобнікаў, а потым дадрукоўвалі часопіс яшчэ два разы, таму наклад першага нумару быў каля сямі тысяч асобнікаў. А другі нумар быў адразу накладам у 10, 5 тысяч, – кажа Андрэй Дынько. – Аднак адразу паўстае пытанне, ці знойдзем мы 10 тысяч беларускіх сем’яў, якім быў бы цікавы гэты часопіс?”

Андрэй Дынько падзяліўся інфармацыяй, як будзе выглядаць  “Наша гісторыя” ў электронным выглядзе:

“Будзе платны доступ: у такім выглядзе, як зараз магчыма падпісацца на замежныя выданні, напрыклад, “Gazeta Wyborcza” ў Польшы, у якой ёсць платная версія. Артыкулы адчыняюцца там толькі часткова, а за астатні кантэнт трэба плаціць. Часопіс “Наша гісторыя” і цяпер ёсць у электроннай версіі ў PDF, але яе набылі зусім мала карыстальнікаў – усяго 70 чалавек”.

Дынько адказаў на дзясятак пытанняў, што тычыліся выхаду часопіса і даў слова аднаму з аўтараў выдання, гісторыку і журналісту Васілю Герасімчыку, які займаецца гісторыяй паўстання 1863 года. На сустрэчы выступаў і гарадзенскі гісторык Алесь Смалянчук, ён таксама будзе адным з аўтараў “Нашай гісторыі”.

Першы і другі нумар часопіса “Наша гісторыя” можна было набыць на сустрэчы. А ў трэцім нумары, які ўжо ў хуткім часе з’явіцца ў продажы, будзе шмат цікавай інфармацыі пра ХХ стагоддзе.