1134

Андрэй Ціхаміраў “расклаў па палічках” савецкія фотаальбомы пра Гродна

04.05.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гісторык і магістар культуралогіі Андрэй Ціхаміраў упершыню выступіў у родным горадзе з прэзентацыяй пра незвычайную гродзенскую гісторыю.  

Лекцыя "Савецкая самапрэзентацыя як мадэрнізацыя: Гродна ў фотаальбомах 1970 – 1980 гадоў" адбывалася ў Цэнтры гарадскога жыцця.

Па словах гісторыка, ХХ стагоддзе было часам мадэрнізацыі сацыяльных і культурных зменаў, якія і прывялі да пэўнай змены сацыяльнай структуры.

Лекцыя перадусім пра тое, якім чынам Савецкая ўлада хацела паказаць горад праз фотаальбомы, праз візуальны шэраг. Гісторык абраў 1960 – 1980-я гады ХХ стагоддзя, бо яны былі больш рэпрэзентатыўныя для гэтага перыяду і можна паказаць змены таго ці іншага часу. Напрыклад, у 1966 годзе ў фотаальбоме Гродна было аж 8 здымкаў касцёлаў, а ў 1975 годзе горад быў сфатаграфаваны так, каб не паказаць ніводнага касцёла, ніводнага сакральнага будынка. Хіба толькі згадалі Каложу. А ўжо ў фотаальбоме 1988 года з’явіліся сакральныя будынкі.

Андрэй Ціхаміраў адначае, што фотаальбомы пра горад маюць вялікую колькасць жаночых вобразаў. Гэта і жанчыны, што гуляюць па горадзе, жанчыны за станком, прадавачкі і работніцы абутковай фабрык і шматлікія іншыя. На думку Андрэя Ціхамірава, гэта звязана з тым, што ў 1960 – 1980-я гады ХХ стагоддзя трэба было паказаць вобраз новай жанчыны, ідэалагічна правільны вобраз таго часу.

Альбомы, звязаныя з Гродна, на думку гісторыка, падзяляюцца на цікавыя раздзелы: “Горад сучаснага вольнага часу”, “Горад дзяцінства”, “Горад чысціні” і "Горад транспарту" ды іншыя.

Андрэй Ціхаміраў з лекцыяй пра гродзенскія фотаальбомы ўжо выступаў ў Кіеве, дзе апроч Гродна абмяркоўваліся ў падобным ключы ўкраінскія гарады.

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!