Аўтарская калонка

Андрэй Бастунец: Хто супраць таго, каб Нобелеўскі лаўрэат стаў ганаровым сябрам БАЖ?

01.09.2016 Аўтарская калонка Андрэя Бастунца 2427

Фактычна дзевяць месяцаў таму (сёмага снежня) я бегаў па Стакгольму — спачатку ў пошуках белай кашулі (якая, як высветлілася, была зусім непатрэбнай для прысутнасці на Нобелеўскай лекцыі), а потым — у пошуках будынка, дзе гэтую самую лекцыю чытала Святлана Алексіевіч.

Я добра ведаў, дзе гэты будынак — музей Нобеля — знаходзіцца, але ж тут ён раптам знік. А мінакі, да якіх я звяртаўся, нічога не маглі адказаць, бо былі турыстамі. А гадзіннік ужо адбіваў час пачатку выступу, і ніхто нічога не ведаў, а я ведаў толькі тое, што губляю гістарычны шанец...

У рэшце рэшт, я ўсё ж трапіў на Нобелеўскую лекцыю Святланы Аляксандраўны, хаця для гэтага мне прыйшлося грукацца ў некалькі дзвярэй, што ўжо былі зачыненымі, і спрабаваць нешта растлумачыць на не/сваёй ангельскай.

І вось прашло амаль роўна дзевяць месяцаў :) — і сёння Святлана Алексіевіч абраная ганаровым сябрам БАЖ.

Гэтыя месяцы былі патрэбныя не на тое, каб мы нешта там вынасілі і ўсвядомілі. Проста неабходна было высветліць, як ставіцца да гэтай ініцыятывы сама Святлана Аляксандраўна (я ганаруся тым, што яна пагадзілася), і па магчымасці сумясціць час правядзення Рады са знаходжаннем Святланы Алексіевіч у Беларусі.

На жаль, апошняе так і не атрымалася. Нічога. Выступ Святланы Алексіевіч перад бажаўцамі абавязкова адбудзецца іншым разам. А сёння...

Выносячы на Радзе пытанне на галасаванне, я крыху змяніў звыклую паслядоўнасць пытанняў (За? Супраць? Устрымаўся?). Адразу спытаўся: "Хто супраць таго, каб Нобелеўскі лаўрэат па літаратуры быў абраны ганаровым сябрам БАЖ?"

Усе чамусьці засмяяліся.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!