"У студзені сярэдні заробак работнікаў тэатра павялічыўся і склаў 968 рублёў з улікам выплат у ФСАН, у артыстаў — 1 089 рублёў..." — сказаў Павел Латушка ў інтэрв'ю "Мінск-Навіны", якое перадрукавала NN.BY. Д'ябал у дробязях: "з улікам выплат у ФСАН".
Гаворка ў тэксце ідзе пра Купалаўскі — Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.
Ці я чагосьці не зразумеў, ці журналіст або яго суразмоўца пераблыталі, ці ідзе наўмысная маніпуляцыя лічбамі. Бо выплаты ў ФСАН (Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва) ніколі ў склад "бруднага" заробку не залічваліся. Паколькі яны як раз ад яго і залежаць — 35%.
Такім чынам, калі верыць таму, што напісана, то на рукі "чыстымі" работнікі тэатра атрымлівалі у студзені крыху больш за 600 рублёў, артысты — 700 (бо ёсць яшчэ 13% падатку, які, як раз, у склад заробку уваходзіць).
Наступныя словы ў інтэрв'ю гендырэктара Купалаўскага таксама здзіўляюць: "Пры гэтым у снежні 2019-га сярэдні заробак быў 1 416 рублёў».
Няўжо ён хацеў давесці, што за месяц заробак яго "падначаленых" панізіўся з паўтара разы? Ну, тады так — выдатнае дасягненне.
Ці ўсё ж ізноў маніпуляцыя лічбамі, і да заробку за снежань прылічаныя ўсе даплаты на канец года (улічваючы "13 заробак", калі такі ў тэатры ёсць).
На жаль, пытання ад журналіста, каб удакладніць, што менавіта сказаў кіраўнік тэатра, не прагучала. Як і спробы суаднесці словы "У студзені сярэдні заробак работнікаў тэатра ПАВЯЛІЧЫЎСЯ і склаў 968 рублёў" і "Пры гэтым у снежні 2019-га сярэдні заробак быў 1 416 рублёў".
Пытанне: у студзені заробак павысіўся ці наадварот? Або з якім перыядам ідзе параўнанне?
А мне цікава яшчэ і тое, ці не стане такі падыход да вылічэння сярэдняга заробку асноўным? Калі так, то ўжо да наступнага справаздачнага перыяду можна чакаць падвышэння сярэдняга заробку ўсіх беларусаў на траціну (за кошт ФСАН). І дасягнення доўгачаканай мэты: "Усім па пяццот" (не рублёў), А што, добрая ідэя!