2118

Ананіч адказала адпіскай і на другі калектыўны зварот журналістаў (+дакумент)

21.03.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Ініцыятар звароту да Ліліі Ананіч журналістка Алёна Шарамет атрымала адказ на другі калектыўны ліст у Міністэрства інфармацыі, падпісаны сотнямі супрацоўнікаў беларускіх медыя.

У адказе гаворыцца, што зварот журналістаў быў дэталёва разгледжаны на асабістым прыёме ў міністра і пазіцыя Міністэрства у дачыненні да выканання журналістамі сваіх прафесійных абавязкаў была агучаная падчас асабістай сустрэчы з чыноўніцай.

“Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь будуе свае узаемаадносіны са сродкамі масавай інфармацыі ў строгай адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам”, — гаворыцца ў лісце Мінінфармацыі...

Алёна Шарамет у сваю чаргу гаворыць, што вельмі расчараваная адказам міністэрства. “Я расчараваная не толькі адказам, але і немагчымасцю весці канструктыўны дыялог з міністрам, яна не пачула ані слова, толькі паўтарала ўсё тое, што “набалела” ёй і чыноўнікам”, — сказала Алёна Шарамет прэс-службе ГА “БАЖ”.

Нагадаем, што ідэя калектыўнага звароту ў Міністэрства інфармацыі ўзнікла ў журналістаў пасля збіцця міліцыянтамі 25 студзеня карэспандэнта TUT.BY Паўла Дабравольскага ў будынку суда Фрунзенскага раёна Мінска.

І першы, і другі звароты ў Міністэрства інфармацыі падпісалі сотні беларускіх журналістаў. 2 сакавіка ініцыятары звароту былі на асабістым прыёме ў міністра, але засталіся расчараваныя. “У Беларусі дастаткова пляцовак для дыялогу паміж журналістамі і міліцыяй”, — заявіла Лілія Ананіч у часе той сустрэчы.

Абмяркоўвайце ў каментах! ↓ ↓ ↓

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!