349

Amnesty International выступіла з публічнай заявай з нагоды ціску на недзяржаўныя медыя ў Беларусі

03.09.2018 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Вядомая праваабарончая арганізацыя Amnesty International выступіла з публічнай заявай з нагоды ціску на недзяржаўныя медыя ў Беларусі. Адзначаецца, што затрыманні журналістаў, пераслед незалежных сродкаў масавай інфармацыі і новае празмерна абмежавальнае заканадаўства ўказваюць на нізкі ўзровень свабоды слова

Праву на свабоду слова ў Беларусі быў нанесены шэраг сур'ёзных удараў у апошнія тыдні — наступ уладаў на журналістаў і незалежныя сродкі масавай інфармацыі працягваецца. Апошнія крокі з боку беларускіх уладаў прадэманстравалі намер ліквідаваць усе крытычныя галасы ў краіне і пасзбавіць людзей у Беларусі магчымасці свабоднага доступу, абмену і распаўсюду інфармацыі ды ідэй,  — гаворыцца ў заяве.

Аўтары заявы згадваюць "справу Белта", змены ў заканадаўства ў галіне СМІ, блакаванне сайту "Хартыя'97".

Amnesty International заклікае беларускія ўлады неадкладна адмяніць змены ў заканадаўства ў галіне СМІ і прывесці сваё заканадаўства ў адпаведнасць з нормамі міжнароднага права ў галіне правоў чалавека. А таксама аднавіць доступ да сайта  "Хартыя'97", ды спыніць пераслед журналістаў.

"Замест таго, каб душыць плюралізм і адкрытую дыскусію, улады павінны ствараць умовы, у якіх права на свабоду слова паважаецца, а журналісты могуць працаваць, не баючыся рэпрэсій", — адзначаецца ў заяве Amnesty International.