1673

Амбасада Турцыі адказала БАЖу: Журналісты не могуць быць вызваленыя ад крымінальнага пераследу і адпаведнага пакарання

13.08.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Амбасадар Турцыі ў Беларусі Кезбан Нілвана Дарама адказала на зварот ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” адносна масавых арыштаў журналістаў і ціску на прэсу з боку турэцкіх уладаў.

Кезбан Нілвана Дарама дзякуе Беларускай асацыяцыі журналістаў за “ўвагу да сітуацыі СМІ ў трэціх краінах”.

“У адказ на ваш ліст ад 1 жніўня хачу падзякаваць Беларускай асацыяцыі журналістаў за ўвагу да сітуацыі СМІ ў трэціх краінах. Маючы досвед у сферы правоў чалавека і шмат год працуючы з асноўнымі свабодамі, у тым ліку з правам на свабоду выказвання, я ў поўнай меры ўсведамляю вырашальнае значэнне свабоды СМІ ў такіх дэмакратычных дзяржавах і плюралістычных грамадствах, як Турцыя. Відавочна, не менш важна, каб гэта права выкарыстоўвалася адказным, аб’ектыўным і этычным чынам.

Тэрарыстычная арганізацыя фетхулахістаў (FETO), супраць якой на дадзены момант прымаюцца меры, імкнецца знішчыць асноўныя правы і свабоды, якія мы шануем, што падцвяржаецца арганізаванай імі спробай перавароту.  Надзвычайнае становішча ўведзена не для абмежавання правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасцяў, а, наадварот, для забеспячэння іх абароны.

Турэцкія пракуроры займаюцца расследаваннем цяжкіх злачынстваў, здзейсненых змоўшчыкамі. У сувязі з гэтым шэраг журналістаў, звязаных з FETO да ці падчас змовы, таксама знаходзяцца пад следствам. Відавочна, што меркаваныя дзеянні, якія прыпісваюцца гэтым людзям, калі іх віна будзе даказана, не могуць лічыцца журналістыкай. Журналісты, якія прымяняюць сваю прафесію на службу тэрарыстычным арганізацыям, не могуць быць вызваленыя ад крымінальнага пераследу і адпаведнага пакарання.

Падобным чынам, тыя прыватныя выданні, некаторыя з якіх патрапілі пад крымінальны пераслед яшчэ да спробы перавароту, падпадаюць пад санкцыі праз тое, што імі злоўжывалі кіраўнікі FETO дзеля дасягнення незаконных мэтаў гэтай арганізацыі, альбо за фінансаванне тэрарызму праз такія дзеянні як фальшывыя здзелкі.

Я хачу падкрэсліць, што незалежныя СМІ былі адной з асноўных мішэняў тэрарыстаў 15 ліпеня. Аднак, іх спроба кантролю над турэцкімі СМІ была кароткай і сустрэла цвёрды супраціў, асабліва сярод прыватных органаў СМІ. У гэтых крытычных умовах свабодныя і плюралістычныя турэцкія СМІ сыгралі важную ролю ў прадухіленні спробы перавароту і сталі стрымліваючым фактарам супраць змоўшчыкаў.

Цяпер турэцкі ўрад прымае ўсе меры, неабходныя ў дадзеных абставінах, каб злачынцы панеслі адказнасць за свае ўчынкі. Надзвычайная сітуацыя паспрыяе прыняццю гэтых мер. Вы можаце быць цалкам упэўнены ў тым, што адбудзецца правасуддзе з поўным выкананнем нашых нацыянальных і міжнародных абавязацельстваў і стандартаў”, — гаворыцца ў адказе Кезбан Нілваны Дарама.

1 жніўня ГА “БАЖ” звярнулася ў амбасаду Турцыі з заклікам спыніць пераслед журналістаў. “Мы звяртаемся да вас, каб паведаміць пра нашы сур'ёзныя апасенні, якія тычацца беспрэцэдэнтнага ціску на медыя ў Турцыі. Мы заклікаем ваш урад спыніць масавыя напады на журналістаў і медыя ў вашай краіне”, — гаварылася ў звароце журналісцкага аб’яднання.

Нагадаем, што «Міжнародная федэрацыя журналістаў» і «Еўрапейская федэрацыя журналістаў», сябрам якіх з'яўляецца БАЖ, распаўсюдзілі заклік да ўладаў Турцыі аднавіць вяршэнства права.

Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі журналістаў (МФЖ) Філіп Леру раней заявіў, што "ЕС павінен патрабаваць адказу ад прэзідэнта Эрдагана за парушэнне канвенцыі аб правах чалавека і наступ на прэсу. Журналісты па ўсім свеце моцна занепакоеныя ростам колькасці замахаў на прэсу ў краіне, якая называе сябе дэмакратычнай. Гэтая сітуацыя павінна спыніцца".

Прэзідэнт Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (ЕФЖ) Могенс Бліхер-Бьерэгард і генеральны сакратар ЕФЖ Рыкарда Гут'ерас заклікалі да дзеяння Савет Еўропы. Паводле інфармацыі ЕФЖ, былі выдадзеныя ордэры на арышт 42 журналістаў.

"Мы заклікаем НДА і міжнародную супольнасць націснуць на турэцкі ўрад, каб аднавіць вяршэнства права. Усё больш журналістаў сутыкаюцца з запалохваннем і арыштамі, і гэтая зачыстка павінна неадкладна спыніцца. Мы заяўляем аб нашай салідарнасці з турэцкімі калегамі", — заявіў прэзідэнт ЕФЖ Могенс Бліхер-Бьерэгард.

Напрыканцы ліпеня ўлады Турцыі зачынілі 16 тэлеканалаў, 23 радыёстанцыі, 45 газет, 15 часопісаў, 29 выдавецкіх дамоў і тры навінавыя агенцтвы.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!