311

Аляксей Шота: “Гродзенская праўда” нам цалкам забараніла перадрук сваіх матэрыялаў

04.02.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Два месяцы адбываецца ліставанне паміж незалежным інтэрнэт-выданннем Hrodna.life і дзяржаўнымі рэгіянальнымі выданнямі: “Гродзенская праўда”, “Гродна+” ды іншымі. Сутнасць ліставання ў тым, што дзаржаўныя СМІ забараняюць незалежнаму выданню выкарыстоўваць іх матэрыялы і нават цытаваць.

Рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота кажа, што за гэты час атрымаў некалькі лістоў, перадусім ад абласной газеты “Гродзенская праўда”, а таксама ад тэлеканала “Гродна +” з прэтэнзіямі наконт выкарыстання іх матэрыялаў.

“Нарэшце дзяржаўныя медыя заняліся тэмай аўтарскіх правоў. Гэта, з аднаго боку, добра і правільна, а з іншага — “Гродзенская праўда” нам цалкам забараніла перадрук сваіх матэрыялаў. Гэта дзіўна, бо гэта афіцыйны орган аблвыканкама, і вельмі многа інфармацыі ёсць толькі ў іх. Нам доступ да яе ўскладнёны, бо з гледжання закандаўства Hrodna.life не зарэгістраванае СМІ, а рэкламна-інфармацыйнае выданне. Таму мы і далей цытуем матэрыялы “Гродзенскай праўды” згодна з законам “Аб аўтарскім праве і сумежных правах”, які гэта дазваляе. Нам некалькі разоў пісалі: “Вы выкарысталі наш матэрыял, выдаліце яго””, — распавядае Аляксей Шота. 

Рэдактар Hrodna.life кажа, што больш цывілізавана пытанне перадруку вырашаецца з дзяржаўным тэлеканалам “Гродна+”, прадстаўнікі якога даслалі канкрэтныя правілы, якую інфармацыю можна браць, якую — нельга:

“Напрыклад, відэа мы можам браць, але расшыфроўку тэксту — не можам. З тэлеграм-канала можна браць, з сайта нельга. Таксама ёсць правілі перадруку ў раённай газеты “Перспектива”. Мы бяром іх матэрыялы два-тры разы на тыдзень. Прэтэнзій з гэтай ногоды не было”.

Паводле слоў Аляксея Шоты, надалей рэдакцыя Hrodna.life будзе выкарыстоўваць матэрыялы “Гродна+” і абмежавана з “Гродзенскай праўды”. Найперш у друкаваным органе аблвыканкама могуць быць цікавымі афіцыйныя паведамленні і цытаты мясцовых чыноўнікаў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!