628 0

Аляксандр Тамковіч: «Чалавек без пафасу»

09.06.2014 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Гучныя справы

Аляксандр Тамковіч: “Нягледзячы на тое, што ў нашай прафесіі “вельмі цесна", мы пазнаёміліся толькі 29 красавіка 2000 года. (Дакладнасць даты гарантуецца, бо 30 красавіка быў праваслаўны Вялікдзень.) Канешне, прозвішчы адзін аднаго чулі і дагэтуль. Асабліва я, бо суд над Змітром Завадскім і Паўлам Шараметам, здаецца, быў першай разборкай новай улады з тымі, каго яна лічыць "нячэснымі"  [1].

У той дзень завочнае знаёмства стала “вочным". Не буду зноў пераказваць, як гэта адбылося ў рэальнасці, а тыя, каму цікавыя падрабязнасці, могуць пачытаць ТУТ.

Сказаць хочацца пра іншае. Мякка кажучы, я не люблю, калі журналістаў брутальна пачынаюць падзяляць на падставе ідэйнай блізкасці да існуючай на той момант ўлады і прыдаваць гэтаму нейкае "чэснае" адценне. На мой погляд, падзел павінен выглядаць зусім па-іншаму, бо журналісты бываюць альбо добрымі, альбо дрэннымі. І не важна, пад якім сцягамі ты ходзіш. Колер выбірае асабістае сумленне, і яно таксама – альбо ёсць, альбо не.

Зміцер быў добрым журналістам і вельмі сумленным чалавекам. За апошняе яго і "зніклі". Як і многія іншыя, я не веру афіцыйнай – крымінальнай – версіі падзеяў 7 ліпеня 2000 года. На рыбалцы, якую Зміцер так любіў, ажыццявіць яго выкраданне было б значна прасцей. Прыняць афіцыйную версію можна толькі прызнаўшы, што разам з "вертыкаллю" адміністратыўна-ідэлагічнай мы пабудавалі яшчэ адну – крымінальную.

І самае галоўнае. Гучныя пасады не зрабілі Завадскага (як некаторых іншых) фанабэрыстым. Здаецца, ён увогуле быў чалавекам без пафасу. Затое такім шчырым і прыстойным, што гэта адчувалася літаральна праз некалькі хвілін пасля знаёмства.

 Мне пашанцавала ведаць яго асабіста. Дакладней, пашанцавала нам  усім, бо чалавечую прыстойнасць, шчырасць і сціпласць нельга выкрасці".

------------------------------------------------

1   У 1997 годзе здымачную групу ОРТ затрымалі за парушэнне правіл знаходжання ў памежнай зоне ў часе падрыхтоўкі сюжэту пра незавершаную дэмаркацыю беларуска-літоўскай мяжы. Праз чатыры дні Павел Шарамет, аператар Дзмітрый Завадскі і кіроўца службовага аўтобуса Яраслаў Аўчыннікаў былі арыштаваныя з нагоды ўзбуджэння крымінальнай справы за незаконны пераход дзяржаўнай мяжы. Суд над Шараметам і Завадскім пачаўся ў снежні 1997 і скончыўся ў студзені 1998 года прысудам – адпаведна на два і паўтара гады пазбаўлення волі ўмоўна. Між тым, пасля затрымання Шарамет паспеў правесці за кратамі больш за 2 месяцы, Завадскі – больш за 1 месяц.

Каментары