Аўтарская калонка

Аляксандр Класкоўскі: Як пісаць пра вакханалію

04.12.2018 Аўтарская калонка Аляксандра Класкоўскага 451 0

Ну, што, як сказаў правадыр, насоўваецца чарговая палітычная вакханалія. І ў фэйсбуку асабліва апазіцыйна настроеныя грамадзяне, у тым ліку некаторыя калегі, пачынаюць апрыёры бэсціць тых, хто наважваецца гуляць у напарсткі з рэжымам.

Пабло Пикассо. Вакханалия. 1955

Напярэдадні і падчас выбарчых кампаній і на палітыкаў, што маюць нейкія электаральныя планы, і на незалежных журналістаў, што пішуць пра выбары, пачынаецца ў сацыяльных сетках і на некаторых рэсурсах той самы псіхалагічны ціск, пра які я пісаў нядаўна ў гэтай калонцы. Ціск з боку ўмоўна непрымірымай часткі ўмоўнай апазіцыйнай супольнасці.

Гэта ж бяспройгрышны варыянт — надзець белую тогу, стаць у позу і выкрываць: ага, і ты, Брут, прадаўся злачыннаму рэжыму! Адны выступаюць спарынг-партнёрамі злачыннай улады, а іншыя, бач, гэта распісваюць.

Па гарачых слядах прэзідэнцкіх выбараў 2015 года адзін з апазіцыйных палітыкаў, адэпт вулічнага змагання, на барыкадным сайце размазаў па сценцы недзяржаўныя медыі за тое, што яны, маўляў, спрабавалі выдаць спектакль за нешта сапраўднае. І падкрэсліваў, што тое было часткай спецаперацыі ўладаў.

Асобна ўсміхаюць уяўленні, нібыта ў кожнай рэдакцыі сядзіць таварыш маёр, раздае заданні ды цэнзуруе матэрыялы. З канспіролагамі спрачацца няма сэнсу. Трэба меней на іх зважаць і проста рабіць сваю справу.

А што, асвятляць электаральныя працэсы ў Вейшнорыі?

Медыі мусяць пісаць пра ўсё болей-меней значнае, што адбываецца ў гэтай, рэальнай краіне з не самым мяккім палітычным рэжымам, а не ў ідэальнай Вейшнорыі, дзе хацелася б схавацца некаторым летуценнікам.

Калі казаць цынічна, то для СМІ няма розніцы, з якім знакам інфармацыйная нагода — з плюсам ці мінусам. І калі нават падзея некаму гарчэйшая за горкую рэдзьку — гэта не прычына, каб медыі тэму абміналі.

Дыктатура — што ж, пішам пра электаральны працэс пры дыктатуры. Але пішам не пракламацыю, а тэкст паводле прафесійных канонаў.

Вось кажуць: удзел дапамагае легітымызаваць рэжым. Але ж насамрэч менавіта пры няўдзеле апанентаў улада цалкам можа абысціся без парушэнняў.

Так ці іначай, пераважная частка апазіцыйных структур на выбары пойдзе. І гэта ўжо нагода, каб пісаць, нават калі канкрэтны журналіст ці рэдактар і сам у душы за байкот.

Дарэчы, калі ўжо на тое, дык мінулыя байкоты ўвогуле практычна не давалі прэсе інфармацыйных нагод. Кожны раз байкот адбываўся амаль што незаўважна, на канапе (некаторыя крэатыўныя лідары заклікалі ўдарыць па рэжыме выездам на рыбалку ці да цешчы на бліны) — і ніколькі не замінаў кіроўным вярхам абвяшчаць пра чарговыя “элегантныя перамогі”. У выніку ж улады нават заканадаўча забаранілі агітаваць за байкот. Цяпер за яго можна толькі маўчаць.

Аляксандр Лукашэнка даў нядаўна вертыкалі ўстаноўку “падыйсці да выбараў так, каб у розумах людзей нават не было альтэрнатывы”.

Дзяржаўныя СМІ паслухмяна выканаюць гэтую задачу. І калі недзяржаўныя стануць на пазіцыю рэдукавання, ігнаравання электаральнай тэматыкі, то абывацель і сапраўды не даведаецца пра альтэрнатыву, не прачнецца. Так у масавай свядомасці замацоўваецца фаталізм.

І наадварот, пры жывой, крэатыўнай падачы выбарчай тэмы (можна ж не толькі тыражаваць заявы пані Ярмошынай, але і пісаць аналітыку, публіцыстыку, прагназаваць) абывацель як мінімум задумваецца над тым, што выбары — гэта па ідэі сродак ратацыі кіроўных эліт.

Пісаць пра выбары ці пра фарс?

Цяпер пра тэрміналогію і ацэнкі. Памятаю, як удзельнік аднаго з трэнінгаў у БАЖы, носьбіт выразна апазіцыйных поглядаў, распачаў дыскусію: ці ёсць у сумленных журналістаў маральнае права называць беларускія выбары выбарамі, прэзідэнта — прэзідэнтам, суд — судом? Бо насамрэч жа, маўляў, выбары — фарс, улада дэ-факта ўзурпаваная, суды судзяць крыва і г. д.

Што я сказаў тады і хачу сказаць цяпер?

Па-першае, журналістыка вельмі розная. Тое, што дазволена калумністу (уключна з эмацыйнымі ацэнкамі, хвосткімі эпітэтамі), будзе парушэннем стандартаў для рэпарцёра. БелаПАН на стужцы навін не стане браць слова “выбары” ў двукоссе, бо імкнецца працаваць паводле прафесійных стандартаў падачы інфармацыйных матэрыялаў. Бі-Бі-сі, напрыклад, нават пра выбары ў Народны сход Паўночнай Карэі піша без двукосся, хаця і адзначае ў тэксце, што безальтэрнатыўныя выбары ў гэтай краіне ёсць проста фармальнасцю.

Калі БелаПАН дае каментары, аналітычныя матэрыялы ці Naviny.by змяшчаюць пад рубрыкай “Меркаванне” палымяную публіцыстыку, то вось там ужо могуць быць самыя розныя ацэнкі, заявы, што выбараў у нас дэ-факта няма і г. д.

Але ў кожным разе прафесійныя медыі не мусяць злоўжываць аднабокай ацэначнасцю, ператварацца ў рупары апазіцыйнай прапаганды, гуляць у адну браму. Крытыка мусіць быць аргументаванай, экспрэсію варта дазаваць.

Аналітыка каштоўная вострай думкай, а не наборам антырэжымных клішэ.

Плюс проста ўмець пісаць

Карацей, акрамя ўсяго іншага, трэба яшчэ і ўмець пісаць пра тыя выбары. Гэтаксама, як трэба ўмець пісаць на любую тэму. Разбірацца ў прадмеце — ад заканадаўства да палітычных структур і персаналій, валодаць стылем, падачай, знаходзіць нестандартныя, праблемныя ракурсы.

Між тым падчас мінулых кампаній маніторынгі БАЖ паказвалі, што не толькі дзяржаўныя, але і шэраг недзяржаўных СМІ асвятлялі электаральныя кампаніі прымітыўна, аднабока. Напрыклад, пісалі пераважна пра Лукашэнку і нейкую абагуленую апазіцыю.

У некаторых медыях фішкі рэпартажаў з выбарчых участкаў — колькі каштуюць беляшы ў буфеце, а традыцыйная галоўная гераіня кампаніі — Ярмошына.

Між тым можна нават выйсці за ўнутрыбеларускую рамку — і вось вам востры сюжэт: як сябе будзе паводзіць у кантэксце будучых выбараў Расія? Ці стане рабіць Лукашэнку падножкі, ці будзе выкручваць рукі, каб саступіў крэсла нейкаму пракрамлёўскаму персанажу, як пра тое дзяўбуць некаторыя маскоўскія тэлеграм-каналы?

Калі адбудаваць інтрыгу, такія артыкулы становяцца хітамі, хоць фармальна яны — пра тыя ж сумныя выбары.

 

Рытуал можа запрацаваць

Дарэчы, адно з клішэ: народ даўно зразумеў, што выбараў у Беларусі няма, ніхто на ўчасткі не ходзіць. Насамрэч яўка паводле незалежнай сацыялогіі аказвалася хай сабе і не такой высокай, як паведамляў Цэнтрвыбаркам, але ўсё адно ўнушальнай. Напрыклад, на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года, паводле НІСЭПД, прагаласавала болей за 70% выбаршчыкаў. Пры гэтым 41% апытаных заявілі, што тыя выбары былі свабодныя і справядлівыя, адваротную ацэнку выказалі 33%.

Можна казаць, што народ несвядомы, дурны. Але іншага, ідэальнага народу для перамогі над дыктатурай апазіцыя не знойдзе.

Варта падкрэсліць і яшчэ адну элементарную рэч. Недзяржаўныя медыі не абслугоўваюць апазіцыю, тым болей не мусяць быць рупарам толькі яе радыкальнай (ну, у нас, скажам шчыра — умоўна радыкальнай) часткі. Медыі імкнуцца працаваць на шырэйшую аўдыторыю. А ў шараговага беларуса збольшага іншы погляд на выбары, іншы дыскурс, чым, напрыклад, у прыхільнікаў Міколы Статкевіча ці адэптаў Зянона Пазняка.

Так, многія ходзяць на ўчасткі дзеля рытуалу, але ў пэўных гістарычных умовах гэты рытуал можа запрацаваць, ператварыцца ў дзейны механізм. І гэта таксама, дарэчы, цікавая тэма.

Між тым найболей маргіналізуюцца менавіта байкатысты. Ці наадварот: самыя зацятыя байкатысты — акурат тыя, у каго зусім няма штыкоў. А вось структуры, якія выкарыстоўваюць несправядлівыя выбары хаця б дзеля трэнінгу актыву, працы з насельніцтвам, захоўваюць нейкі шанец на поспех у час Ч. І ўсё гэта таксама тэмы для аналізу, дыскусій, прагнозаў.

У палітолагаў ёсць такі тэрмін — перакульваючыя выбары. Менавіта актыўны, крэатыўны, наступальны ўдзел праціўнікаў аўтарытарызму ў несправядлівых выбарах прывёў да каляровых рэвалюцый на постсавецкім абсягу — у Грузіі, Кыргызстане, Украіне.

А дзе, нагадайце, апошні раз звалілі рэжым канапныя байкатысты?

Ці вось, глядзіце: нядаўна ў некалькіх рэгіёнах Расіі (Хакасія, Прыморскі ды Хабараўскі краі, Уладзімірская вобласць) Крэмль сеў у лужыну на губернатарскіх выбарах. Хаця здавалася, што ўсё схоплена. Вось вам яшчэ тэма для параўнальнага аналізу.

Але найбольш паказальны для мяне прыклад Перабудовы, распаду Савецкага Саюза, калі апаненты камуністычнай сістэмы раптам сталі перамагаць у канкурэнцыі з праўладнымі кандыдатамі на выбарах, што ладзіліся яшчэ па савецкіх законах. А выбаркамы мусілі лічыць галасы як ёсць, бо махляваць стала страшна. І так, мы пра ўсё гэта з энтузіязмам пісалі ў перабудовачнай газеце “Знамя юности”, якую мне пашчасціла рэдагаваць у 1988–1991 гадах.

Цяперашняя ўлада нездарма баіцца палітызацыі грамадства, як тое імкліва адбылося пры канцы 1980-х. Невыпадкова Лукашэнка, які сам пачаў фантастычную палітычную кар’еру з перамогі на выбарах у Вярхоўны Савет БССР у 1990 годзе, калі савецкі рытуал раптам ператварыўся ў спаборніцтва альтэрнатыў, хоча, каб зараз у мазгах беларусаў не з’явілася ніякай альтэрнатывы.

Але змены непазбежныя і ў Беларусі. І пра іх нячэсныя журналюгі яшчэ напішуць.