Аўтарская калонка

Аляксандр Класкоўскі: “Справа БЕЛТА”. Хто ёсць ху

10.08.2018 Аўтарская калонка Аляксандра Класкоўскага 1251 1

“Справа БЕЛТА” зноў выразна правяла мяжу паміж “чэснымі” і “нячэснымі” журналістамі. Фармальна справе акурат і далі штуршок “чэсныя” (насамрэч, гледзячы па ўсім, іх проста скарысталі). І сёння, калі меркаваць па сацыяльных сетках, адносіны між двума гэтымі супольнасцямі ў нас — на мяжы класавай варожасці.

Фота: "Радыё Свабода"

Дапамагаць таптаць — гэта проста дно

Каментатары, напрыклад, дзівяцца, што кіраўніцтва БЕЛТА не знайшло іншых шляхоў вырашыць праблему, акрамя як звярнуцца ў “органы”. Між тым кампанія БелаПАН, дзе я працую, не аднойчы сутыкалася з некарэктным запазычваннем кантэнту — і раз за разам пытанні здымаліся размовамі ў сваім коле, без шуму і пылу. Звычайна калегі не лезлі ў бутэльку, згаджаліся, што так не камільфо, і надалей датрымлівалі правілы.

Яшчэ штрых. У “справе БЕЛТА” дзяржаўныя СМІ, чарговы раз напляваўшы на прэзумпцыю невінаватасці, пачалі дыскрэдытаваць, пляжыць, падаваць злачынцамі тых рэдактараў і журналістаў, што трапілі пад каток грозных структур. Апублікавалі праслухоўку.

А хто-кольвек з “госаў” яшчэ і злараднічае ў фэйсбуку з нагоды тых бед, што спасціглі “нячэсных”, пры гэтым малюе сябе вялікім законнікам. Якая ж законнасць, калі вашы медыі да суда выстаўляюць людзей злачынцамі? Дзе было ваша трапяткое стаўленне да законнасці, калі летась друкавалі, гналі ў эфір пасквілі на фігурантаў справы “Белага легіёна”, якая потым была ціха спушчана на тармазах?

І колькі было такіх паклёпаў на людзей, якіх наверсе прылічваюць да пятай калоны і на якіх у пэўны момант паказваў начальніцкі палец: кусі! кусі! Ніводзін з абылганых потым ні праз які суд нічога не даказаў, не дамогся абвяржэнняў ці кампенсацыі маральнай шкоды. Бо гульня ідзе ў адны вароты.

І калі сёння “госы” дапамагаюць таптаць недзяржаўныя медыі — гэта дно. Днішча. Выглядае не проста лёкайствам, але і яшчэ і знішчэннем канкурэнтаў, і дробнай помстай болей таленавітым і разняволеным.

Слоган ката Леапольда не пракочвае

Замежнікі з іх адукацыйнымі праектамі ў медыйнай сферы не раз спрабавалі пасадзіць тутэйшых дзяржаўных і недзяржаўных работнікаў прэсы за адзін стол, каб ідылічна абмяркоўвалі прафесійную этыку. Ды і ўлады, памятаю, у часы, калі за прэсу ў прэзідэнцкай адміністрацыі адказвала яшчэ Наталля Пяткевіч, насіліся з задумай стварыць нейкі адзіны для ўсіх беларускіх журналістаў этычны кодэкс.

Потым, відаць, махнулі рукой. І цяпер проста адкрытым тэкстам — маю на ўвазе нядаўні ўказ № 299 — прадпісваюць “госам” рабіць матэрыялы на замову дзяржаўных органаў. А “нячэсных” спрабуюць “нармалізаваць” пры дапамозе шытых белымі ніткамі спраў.

Я заўжды выступаў супраць барыкаднай журналістыкі ды палітычнай нянавісці нават у нашым палярызаваным, расколатым грамадстве, дзе непадкантрольную прэсу проста б’юць пад дых. Аднак разам з тым выразна ўсведамляю, што спробы пасадзіць за адзін стол дзяржаўных і недзяржаўных журналістаў, каб яны ідылічна буркавалі пра нейкую агульную этыку — гэта па вялікім рахунку пусты нумар. Пакуль не зменіцца сістэма.

А калі яна зменіцца, то сам гэты масіў дзяржаўнай прэсы стане анахранізмам. І яе прадстаўнікі будуць бегаць шукаць працу, але ці знойдуць? Не з прычыны люстрацый, а таму, што не ўмеюць працаваць без казённых падпорак.

Сёння ж мы гаворым на розных мовах. У нас, калі хочаце, увогуле розныя прафесіі.

У нас проста розныя прафесіі

Не стану рваць на грудзях кашулю, сцвярджаючы, што недзяржаўныя СМІ белыя ды пухнатыя, што тут працуюць выключна рыцары без страху ды папроку. Я сам напісаў стопяццот артыкулаў, крытыкуючы якасць нашай незалежнай журналістыкі. Аднак тут у дзясятку — словы Альбера Камю: “Свободная прэса бывае добрай або кепскай. Гэта слушна. Але несвабодная прэса бывае толькі кепскай”.

У нашай недзяржаўнай прэсы багата хібаў. І часта яны ідуць менавіта ад спецыфікі сістэмы. Бо мала рэсурсаў, няроўны доступ да інфы, раз-пораз штрафуюць, б’юць па галаве — тут бывае не да шліфоўкі. Хтосьці становіцца злосным і пачынае мачыць рэжым у стылі дубовага “БТ наадварот”. Так што над якасцю нам працаваць ды працаваць.

Але там, у дзяржаўных рэдакцыях, па вялікім рахунку журналістыка і не начавала. Не, фармальна там усё ціп-топ: пасведчанні, акрэдытацыя. Але ж дэ-факта гэта не журналісты, найперш яны — “государевы люди”.

Я не заклікаю іх ненавідзець, клеймаваць, але і рабіць выгляд, што ў нас адна прафесія і адрознасць толькі ў нюансах — не магу.

Так, у дзяржаўных медыях розныя людзі працуюць. Хтосьці — успомнім метафару з “Дракона” — відавочна не рвецца быць першым вучнем у той школе ідэалагічнай абслугі. Але іншыя адкрыта ганарацца, што належаць да прапагандысцкага спецназу. Яны уга якія смелыя таптаць апазіцыю. Крутыя пад прыкрыццём улады з яе сілавым кулаком. Даюць зухаватыя “расследаванні”, скляпаныя са зліваў спецслужбаў.

Іншым разам не разбярэш, дзе канчаецца спецслужба і дзе пачынаецца дзяржаўная прэса, гэта выглядае як нейкі гібрыдны орган. А наіўныя шведы прапануюць сядаць з гэтай публікай за адзін стол і вуркатаць пра нейкія супольныя маральныя эталоны.

Панове замежнікі, як пісаў класік, “в одну телегу впрячь не можно коня и трепетную лань”. Не будзе ідыліі, пакуль сама палітычная сістэма падзяляе нас на “чэсных” і “нячэсных”. Калі няма базавых рэчаў — сумленнай канкурэнцыі, медыйнага рынку, нармальнага заканадаўства аб СМІ, незалежнай судовай сістэмы. Калі медыйную палітыку ўлады будуюць праз манаполію, драконаўскае заканадаўства, крывое яго ўжыванне ды наўпроставы прэсінг з дапамогай сілавікоў.

Не бывае чыстай батанікі ў паліцэйскай дзяржаве

Заўважце, як раз за разам прадзяржаўны журналісцкі звяз становіцца сляпы ды глухі, калі гаворка ідзе пра збіццё рэпарцёраў, дзікія штрафы фрылансерам, ператрусы ды арышты ў незалежных медыях. Як хаваюцца тыя функцыянеры ад прапаноў разам абмеркаваць драконаўскія змены ў закон аб СМІ. Бо на чорта гэта ім. Над імі ж не капае.

“Госы” любяць называць недзяржаўныя медыі прыватнымі. З падтэкстам: над вамі ж таксама гаспадары, якая свабода. Усе мы служкі, маўляў, так што не кідайце панты.

Але хай тыя госы-“расследавальнікі” паспрабуюць напісаць у сваёй газеце ці даць у эфір матэрыял, напрыклад, пра катэджы высокага начальства — за якія грошы тыя харомы (і гэта я яшчэ не самую вострую тэму называю). Чорта там. Уся крутасць адразу выпараецца, калі гаворка ідзе пра сюжэты, што могуць раззлаваць вялікіх шышак. Таму ўсе гэтыя зухаватыя байцы прапагандысцкага спецназу, адважныя мачыльшчыкі тых, у каго няма ахоўнай граматы рэжыму, у плане прафесійным і маральным не вартыя мезенца тых жанчын, якіх пасадзілі за краты ў “справе БЕЛТА”.

Нават у тутэйшай сістэме, дзе гайкі заціснуты, дзе вярхі ўсяляк, у тым ліку і “справай БЕЛТА”, імкнуцца ўзняць ступень самацэнзуры, — недзяржаўныя медыі ў сто разоў вальнейшыя, чым дзяржаўныя. Галоўнае ж — гэта зусім іншая жыццёвая філасофія, іншы маральны выбар. І такія пытанні не на семінарах па этыцы вырашаюцца. “Мы диалектику учили не по Гегелю”.

Хтосьці мямліць, што, вось, і “гос” можа можна цалкам свабодна, не пэцкаючы сумленне, пісаць пра выставы рададэндранаў. Чыстая батаніка ды эстэтыка.

Слухайце, каму вы казкі расказваеце? У вас жа і рададэндраны мусяць быць ідэалагічна правільныя. А калі іх выгадаваў які-небудзь бээнэфавец, то ўсё, табу. Так што не бывае чыстай батанікі ў паліцэйскай дзяржаве.

“Справа БЕЛТА” выглядае брыдка, але разам з тым гэта — чарговы момант ісціны для нашага рамяства, калі становіцца выразна бачна, хто ёсць ху.

Каментары

Студзень 16, 2009 у 14:46 “НН” Аляксандр Класкоўскі напiсаў(ла):
“Калі ж сур'ёзна, то на Навінах Бай, напрыклад, я працую на іншую аўдыторыю.
Там публіка меней ангажаваная ў палітыку, болей наведнікаў з праўладнымі поглядамі.
Таму пэўныя рэчы даводзіцца дадаткова завастраць.
Каб білі па МАЗГАХ, калі хочаце.
А на «НН» -- які сэнс ламацца ў адчыненыя дзверы, пераконваць перакананых? :)”

Так і жывём!
А дакладней змагаемся!!!
Камуністы калякінцы супраць антыкамуніста Лукашэнкі.
Антыкамуністы з БНФ супраць камуніста Лукашэнкі
Дыректар аналітычных праграм БелаПАН б’е па МАГАХ лукашыстаў, КАЛІ ХОЧАЦЕ, а лукашэнкаўскі АМАП б’е па МАЗГАХ камуністаў калякінцаў, БНФ і незалежных журналістаў.
Усе пры справе…
-А толку!?