Аўтарская калонка

Аляксандр Класкоўскі: Паважайце працу прыбіральшчыцы і рэдактара

31.01.2019 Аўтарская калонка Аляксандра Класкоўскага 792

Ёсць катэгорыя аўтараў, матэрыялы якіх адразу выклікаюць пачуццё, падобнае на зубны боль. Адкрываеш файл — і бачыш тэкст без загалоўка, набраны мікраскапічным кеглем, без аніякіх шрыфтавых вылучэнняў, з дэфісамі замест працяжнікаў, двукоссямі рознага кшталту — ад “елачак” да “дзюймаў”, з чырвонымі радкамі, зробленымі пры дапамозе прабелаў.

Карацей, конь не валяўся. Прычым неахайнае афармленне часта спалучаецца і са стылёвай, факталагічнай неахайнасцю. Частка аўтараў проста спіхвае даводку матэрыялу на рэдактараў. Яны, маўляў, для таго і існуюць, каб чысціць нашы опусы.

Але гэта і элементарная непавага да рэдактараў, людзей катаржнага амплуа, і проста тормаз. Між тым для выдання, асабліва анлайнавага, дарагая кожная хвіліна.

Тыпаграфіка? Не, не чулі

Натуральна, для старога рэдактара надаць тэксту таварны выгляд — справа тэхнікі. Я, напрыклад, даўно распрацаваў набор макрасаў, якія паскараюць ды спрашчаюць такую працу. Чык-чык — любата!

Але дзівіць, што самі аўтары настолькі абыякавыя да афармлення ўласных матэрыялаў. Нават калі гэта выпрабавальны тэкст, ад якога залежыць, ці прымуць цябе на працу.

Зразумела, што многія асвойвалі Word самавукам. Але ж і ў друкаваным выглядзе, і ў Сеціве да халеры простых, дурнеўстойлівых мануалаў. Ну, навучыся ты элементарна вар’іраваць опцыі. Але хто-кольвек як пачаў некалі набіраць бляклым Courier New 11-га кегля, так і будзе сляпіцца з ім да сканчэння веку. Не ведае нават, што можна маштаб пабольшыць.

Часта аўтары не ўмеюць працаваць з табліцамі. Напрыклад, разбіць ячэйку на дзве ці, наадварот, зліць дзве ў адну. У выніку табліцы ў некаторых тэкстах ператвараюцца ў галаваломку, і трэба добра пакалупацца, каб надаць ім карэктны выгляд ды пры гэтым не наблытаць з лічбамі.

Некаторыя лянуюцца насычаць гіперспасылкамі тэкст, прызначаны для анлайнавага выдання. Хаця гіперлінкі — гэта і элемент пошукавай аптымізацыі, і зручнасць для чытача, і дапамога рэдактару, якому тады прасцей праверыць нейкія моманты.

Ёсць і такія, хто не чуў пра тыпаграфіку. Пачынаюць шчыра дзівіцца, калі тлумачыш, што двукоссі-дзюймы — не камільфо, а дэфіс, кароткі і доўгі працяжнік — гэта розныя знакі, прычым гаворка не толькі пра эстэтыку, але і пра сэнс. Калі напісаць “15-20”, то гэта азначае “прыблізна”, калі напісаць “15–20”, то гэта азначае “ў межах”.

 

Гэта зусім не дробязі

Скажаце, дробязі, прыдзіраюся? Аўтар табе кантэнт у дзюбе прынёс, а ты носам круціш.

Але, па-першае, варта паважаць працу не толькі прыбіральшчыцы, а і рэдактара. Ён вам не слуга, калі на тое. У яго няма ні лішняга часу, ні вялікай ахвоты корпацца з тэхнічным смеццем.

Зрэшты, хочаш не хочаш, а даводзіцца. Неяк не заведзена заварочваць матэрыял толькі праз нядбайнае афармленне, ды і патрэбен тэкст тут і цяпер. У выніку яго тэхнічная чыстка крадзе твой час. Акрамя таго, калі рэдактар засяроджваецца на гэтым занятку, фокус увагі зрушваецца, бывае цяжэй паглыбіцца ў сутнасць. Можаш прапусціць ляп.

Між тым практыка паказвае: хто неахайны ў афармленні, той нярэдка неахайны і ў працы з фактурай.

А калі спаймаеш адну сур’ёзную факталагічную памылку, то пачынаеш правяраць усё запар: а раптам гэты пісьменнік і тут нахамутаў? У выніку праца над тэкстам з 800 слоў можа заняць гадзіны паўтары, і рэдактарскі дах пакрысе пачынае ехаць.

Маючы справу з мноствам неахайных тэкстаў, раз-пораз згадваю крылатае: “Когда б вы знали, из какого сора…”

 

Левай нагой

Нездарма кажуць: чалавек — гэта стыль. Кепска аформлены тэкст часта каравы і ў плане мовы.

Увогуле стыль — гэта асобная песня, але тры грашы ўстаўлю і тут. Як “человек с раньшего времени” з сумам згадваю тыя часы, калі ў журналістыцы цаніўся літаратурны момант: вытанчанасць мовы, пачуццё слова, уменне аформіць думку прыгожа, метафарычна ці афарыстычна.

Цяпер на гэта мала зважаюць. Якая там вытанчанасць: у многіх анлайнавых выданнях фактычна няма карэктуры, не ўсе маюць стыльрэдактараў. Спадзеў хіба на тое, што вордаўская праверка правапісу ўратуе. Хаця хто-ніхто не ведае нават, як яе ўключаць.

Цяпер на першым месцы клікабельнасць. Хай сабе напісана карава, але калі ты хайпануў, то ўжо нібыта і схапіў бога за бараду. Рэспект і ўсё такое.

Разумею: далёка не кожны аўтар вучыўся на журфаку ці філфаку, дзе даюць грунтоўную моўную падрыхтоўку. Зрэшты, адпаведны дыплом таксама не гарантуе, што чалавек добра валодае словам.

Але ж сёння ў Сеціве таксама навалам добрых папулярных дапаможнікаў, як ствараць выразныя, моцныя тэксты. Хаця б “Пиши, сокращай” Максіма Ільяхава і Людмілы Сарычавай. Добра прачышчае мазгі нават тым, хто ўважае сябе за мэтра.

Аднак бывае, што аўтар — звычайна які-небудзь адмысловец, эксперт у вузкай галіне — адмахваецца ад такіх парад. Маўляў, гэта вашы рэдактарскія праблемы. А я не пісьменнік і наогул не гуманітарый. Адзін з суразмоўцаў велікадушна заявіў: я вам даю карт-бланш. Бач ты, дае карт-бланш на чыстку сваіх аўгіевых стайняў. Фантастычна шырокі жэст.

Прыкра, калі няма разумення, што валодаць стылем для пішучага чалавека — гэта правіла добрага тону, як чыстая кашуля і наваксаваныя чаравікі. Кажаш, у цябе дыплом фізіка? Але ж ты мне не дысертацыю па фізіцы здаеш, а медыйны тэкст.

Калі ты гадамі ці нават дзесяцігоддзямі працуеш для СМІ — дык ужо патраць трохі часу на азы моўнай культуры, купі які дапаможнік па стылістыцы і літаратурным рэдагаванні, пару слоўнікаў.

 

Магутная сіла мануала

Але годзе вешаць сабак на аўтараў. Мы, рэдактары, самі добрыя цацы. Кладучы руку на сэрца: ці ў многіх рэдакцыях маюцца нейкія дурнеўстойлівыя мануалы пра тое, якім стандартам — і паводле зместу, і паводле формы — мусіць адпавядаць матэрыял?

Фактычна я вяду гаворку пра дакумент, што называецца рэдакцыйнай палітыкай. Для беларускіх рэдакцый гэта тэра інкогніта, неўзараная цаліна. У большасці з іх кожнаму новаму супрацоўніку ці пазаштатніку на пальцах тлумачаць, як мусяць выглядаць яго творы.

Грунтоўнасць тлумачэння пры гэтым вельмі вагаецца, залежыць ад таго, у якім настроі рэдактар і ці мае лішнюю хвіліну. А ў аўтара нярэдка ў адно вуха ўлятае, праз другое вылятае.

Некаторыя занадта далікатныя, сарамлівыя рэдактары ўважаюць за лепшае цішком вычышчаць раз за разам смецце з чужых тэкстаў, чым раз патлумачыць, як трэба рабіць.

Прызнаюся, у мяне самога толькі нядаўна дайшлі рукі распрацаваць такі мануал для таго кола аўтараў, з якім маю справу. І гэта адразу дало эфект. Хто-кольвек, здаецца, адкрыў для сябе, што ў Word маюцца налады. Кансультуюцца, як зрабіць, каб аўтаматам выскокваў працяжнік з двух дэфісаў, і г. д.

Працэс пайшоў!

І важна тое, што цяпер заўвагі рэдактара выглядаюць не як суб’ектыўныя прыдзіркі. Я апелюю да дакумента. Там вось так і так напісана, чаму гэтага не робіш? І нядбайнаму аўтару няма чым крыць.

Так што ўсім рэдактарам раю свой перадавы досвед. Натуральна, не ўсё адразу зменіцца, але праз нейкі час гара з плячэй зваліцца.