Аўтарская калонка

Аляксандр Класкоўскі: Пан рэдактар, пацвердзіце, што вы не робат

06.03.2019 Аўтарская калонка Аляксандра Класкоўскага 810

У адным з папярэдніх тэкстаў я наракаў на неахайных аўтараў, ад якіх баліць галава ў рэдактараў. Але трэба быць паслядоўным старым буркуном ды кінуць камень у гарод саміх рэдактараў. Скажу болей: у нас фактычна няма айчыннай рэдактарскай школы.

Рэдактар, асабліва ў нашых няпростых умовах, мае багата (аж занадта!) функцый. Ён і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц. Таму адразу падкрэслю: тут вядзецца размова толькі пра рэдагаванне як працу з матэрыяламі, іх падрыхтоўку да публікацыі.

Дык вось: менавіта на гэта рэдактару часта і бракуе часу. А яшчэ ў многіх выпадках, скажам шчыра, бракуе і падрыхтоўкі, пачуцця стылю.

Ладная частка тых, каму належыць вырашаць лёс матэрыялаў, даводзіць іх да кандыцыі, не ведаюць азоў літаратурнай праўкі. У прыватнасці, прапускаюць у медыі жахлівую плынь канцылярыту.

 

Да прэзідэнта запрасілі не людзей?

Вось свежы прыклад. Анансуючы «Вялікую размову з прэзідэнтам», вэб-рэсурсы хорам паўтарылі за афіцыйнай крыніцай, што «колькасць удзельнікаў мерапрыемства складзе больш за 200 чалавек».

Ніводзін рэдактар не спахапіўся, што апошняе слова лішняе. Няўжо без яго чытач падумаў бы, што запрошаныя — не людзі? (Лезе ў галаву: «Пацвердзіце, што вы не робат».)

Ці напісалі б проста «запрошана 200 чалавек», без гэтага канцылярскага «колькасць удзельнікаў мерапрыемства». Але ж не: бяздумна растыражавалі плеаназм.

Некаму проста ўлом выпраўляць прэс-рэлізы ды іншыя казённыя матэрыялы. Капіпаст — наша ўсё. А хтосьці з рэдактараў яшчэ і скажа: ну, а што тут такога?

Займаючы зусім не тэхнічныя пасады ў СМІ, такія людзі проста не надаюць значэння стылю. Не разумеюць, што медыйная праца шмат у чым ёсць мастацтвам слова. Такія рэдактары ўспрымаюць тэксты няйначай як робаты: ці ўтрымліваецца пэўная інфармацыя, ці правільна пададзены прозвішчы, пасады, колькі ў матэрыяле знакаў з прабеламі…

Але ж чытаюць нас не робаты. Вось чытачу не абавязкова быць філолагам, каб адчуць, што тут напісана смачна, моцна, а там — страшэнная сухамяціна.

А зараз пахвалю імперыю, што са мной рэдка бывае. Чытаю аўтарытэтныя маскоўскія рэсурсы — і бачу, наколькі адшліфаваны стыль. Не думаю, што ўсе тамтэйшыя аўтары — такія ўжо вытанчаныя стылісты. Гэта азначае, што папрацавалі рэдактары. Вось там адчуваецца школа.

У нас жа многія рэдактары нават не асэнсоўваюць як след, наколькі карава напісаны той ці іншы тэкст. Тэма нібыта раскрыта — ну і добра. А тое, што не кожны чытач прадзярэцца скрозь гушчар канцылярызмаў, плеаназмаў ды іншых хібаў, не бярэцца пад увагу.

 

Няма таго, што раньш было

Памятаю, калі я прыйшоў студэнтам у штат “Знамени юности”, шалёна папулярнага тады моладзевага выдання, то зведаў рэдактарскую муштру па поўнай праграме. Даводзілася па дзесяць разоў думаць над загалоўкам ці канструкцыяй фразы, пасля таго як папярэдні варыянт забракоўвалі Мікалай Ільюшэнка, Вольга Сверкунова ці хтосьці яшчэ з тагачасных асаў. Гэта была добрая школа маладога байца.

Іншым разам пасля вёрсткі нумара старэйшыя таварышы дэмакратычна прапаноўвалі разам узняць чарку. Але гэта не азначала, што назаўтра табе дадуць паслабленне. Усё адно вярталі арыгінал на дапрацоўку з хвалістымі пазнакамі рэдактарскім алоўкам.

Ці шмат хто з рэдактараў робіць так цяпер? Традыцыя заварочваць матэрыялы знікла. Анлайн, шалёны канвеер, няма калі. Трохі выкалупалі ляпы — і выстаўляем.

Савецкая журналістыка, вядома ж, была строга абмежаваная ў палітычным сэнсе. Але менавіта таму, кампенсуючы гэту вузкасць, у рэдакцыях стараліся рабіць дыхтоўныя з літаратурнага гледзішча тэксты.

Зрэшты, шчыравалі не толькі над тэкстамі. Адбор фотаздымкаў таксама быў жорсткі. З таго, што цяпер ідзе ў анлайнавых фотарэпартажах, сакратарыят тагачаснай “Знаменки” адбракаваў бы 90%. На паласу выходзілі сапраўдныя шэдэўры чорна-белай фатаграфіі.

У 24 гады мне даручылі рэдагаваць спецвыпуск “Знамя юности” на студенческой стройке”, які разыходзіўся ўлетку па будатрадах. І ўжо я муштраваў студэнтаў журфака, што сталі на лета карэспандэнтамі спецвыпуску. Не таму, што хацелася паказаць сябе крутым шэфам. А таму, што ўжо засвоіў як норму рэдактарскай працы — даводзіць тэксты да кандыцыі, каб не было сорамна за свой подпіс у канцы нумара.

З тых студэнтаў, дарэчы, выраслі моцныя журналісты і рэдактары. Адзін з іх — Валянцін Жданко, цяперашні кіраўнік мінскага офіса “Радыё Свабода”.

 

Нашто на тым журфаку штаны праціраць?

З сумам канстатую, што традыцыі рэдактарскай патрабавальнасці, прыдзірлівасці, у добрым сэнсе слова, страчаны. Лягчэй за ўсё спісаць неахайнасць на спецыфіку анлайну, шалёны тэмп. Але справа не толькі ў гэтым. Страчана сама школа.

Часта матэрыялы рэдагуюць людзі без адпаведнай адукацыі. Ці гаспадар рэсурсу, ці шараговы супрацоўнік, які атрымаў павышэнне, ці нават нейкі тэхнар. Такі чалавек можа быць добрым арганізатарам, секчы фішку ў той ці іншай тэматыцы, але гэтага мала.

Увогуле стала добрым тонам нігілістычна ставіцца да адмысловай журналісцкай адукацыі. Маўляў, на тым журфаку дарэмна пяць гадоў штаны ды спадніцы праціраюць. Для рэдакцыі галоўнае не дыплом, кажуць практыкі, а каб супрацоўнік кумекаў у нейкай тэме, астатняе прыкладзецца.

Але ж часта не прыкладаецца. І навучыць неафіта няма каму. Бо рэдактары самі — залётныя персанажы ў сваім амплуа.

Я згодны: дыплом не галоўнае. Хаця калі не біць лынды, а ўпірацца рогам, то нават пры агульнай замшэласці айчыннай адукацыі за пяць гадоў можна зрабіць сабе добры апгрэйд.

Пры жаданні ж можна і без журфака, самавукам засвоіць хаця б асновы стылістыкі і літаратурнага рэдагавання. Мануалаў у сеціве да халеры. Але ж часта няма ахвоты ці першапачатковага штуршка.

 

А дзе лікбез для рэдактараў?

Зрэшты, бывае і так: рэдактар неблагі, адчувае, што стыль кепскі, але заплюшчвае на гэта вочы. Або таму, што нагрузка шалёная і часу на праўку не стае, або таму, што за гэта ж не даплацяць. Дык нашто сушыць мазгі, дацягваючы тэкст за аўтара-недарэку?

Такое паблажлівае стаўленне да сырых тэкстаў прывяло да таго, што і аўтары разбэсціліся. І калі пачынаеш правіць як належыць, то могуць устаць на дыбкі: парушэнне аўтарскіх правоў, дыктатура, а дзе свабода творчасці і г. д. Ці вось яшчэ заява: а ў мяне такі стыль!

Я сам абедзвюма рукамі за сакавітую мову, свежыя метафары ды іншы творчы нестандарт. Але не трэба выдаваць за арыгінальнасць банальны брак пісьменнасці, стылёвыя памылкі. І не варта крычаць пра дыктат, калі гаворка ідзе пра элементарную праўку па ўсіх канонах, выкладзеных у падручніках, пра якія ладная частка аўтараў і не падазрае.

Зрэшты, я згодны: раз за разам моўчкі выпраўляць за кожным стылістычныя хібы — не найлепшы варыянт. Таму звычайна ахвярую трохі часу, каб вусна ці ў электронным лісце звярнуць увагу аўтара на характэрныя хібы, памылкі. Іншым разам раю пачытаць нейкую літаратуру пра добры стыль.

Разумею, што, атрымаўшы порцыю заўваг, хтосьці зморшчыцца: ну і прыдзіра гэты Класкоўскі! Але ж лепей раз-другі пабыць занудам, кепскім паліцэйскім, аднак у выніку прымусіць аўтара хоць збольшага чысціць аўгіевы стайні сваіх тэкстаў, чым раз за разам выконваць гэту няўдзячную працу на 100% самому.

Вядома, сустракаюцца персанажы, якім хоць кол на галаве чашы. Але большасць усё ж прыслухоўваецца і спрабуе лепей працаваць з тэкстам.

Дарэчы, са стылем звязаны і фармат. Калі чалавек выкладае думкі ясна і лагічна, матэрыял атрымліваецца болей сціслы, яго лёгка падзяляць на раздзелы, каб лягчэй успрымаўся. Нарэшце, да такога тэксту прасцей прыдумаць кідкі, жывы загаловак. Часта ён напрошваецца з нейкай смачнай, выразнай фразы.

Зрэшты, не буду ламацца ў адчыненыя дзверы. Хіба што яшчэ адна рэмарка. Не памятаю, каб пад эгідай БАЖ ладзіліся нейкія адмысловыя курсы для рэдактараў. Лічыцца, што яны самі з вусамі. Між тым гэтай катэгорыі таксама не зашкодзіла б, як кажуць геймеры, падвысіць скіл.

Навіны BAJ.BY у Telegram. Падпісвайся на наш канал https://t.me/bajby !