Аўтарская калонка

Аляксандр Класкоўскі: Ну не кажу, не кажу я “Аляксандр Рыгоравіч”!

24.04.2019 Аўтарская калонка Аляксандра Класкоўскага 722

Аднойчы тарганула, калі на нейкім сайце ў мае вусны ўклалі “Александр Григорьевич”. Гэта было пададзена як даслоўнае цытаванне Класкоўскага, але ж я так дзейнага кіраўніка ніколі не называю. Не мой стыль.

Увогуле ж, фігуруючы ў якасці эксперта ў матэрыялах СМІ, раз-пораз даводзіцца моршчыцца, як ад лімона, калі твае выказванні падаюць нібыта даслоўна, а насамрэч вельмі прыблізна, недакладна.

 

Суразмоўцаў прымушаюць гаварыць не сваім голасам

Вырашыў жа напісаць на гэту тэму, калі, рэдагуючы аднаго з аўтараў, стыль якога добра вывучыў, заўважыў: ягоныя героі ўжываюць тыя самыя штампы і — увага! — робяць тыя самыя моўныя памылкі, што і аўтар.

Іначай кажучы, ён у пэўнай ступені штучна канструюе, выпраўляе на свой густ, “паляпшае” са свайго пункту гледжання выказванні тых, з кім размаўляў пры падрыхтоўцы матэрыялу.

Гэта, на жаль, даволі распаўсюджаная практыка — калі журналіст адвольна абыходзіцца са словамі суразмоўцы, пад выглядам цытавання дае вельмі прыблізны, а часам і скажоны канспект.

Найчасцей бывае так: не тое што цябе зусім перакруцілі, сэнс болей-меней перададзены. Не той выпадак, каб тэлефанаваць аўтару ды рабіць заўвагу. Але застаецца асадачак, адчуванне журналісцкай неахайнасці.

А было што і званіў ці пісаў у месанджары, прасіў выправіць. Аднойчы, напрыклад, ад майго імя назвалі беларускі палітычны рэжым таталітарным, хоць я казаў — аўтарытарны. Журналіст ці не ведаў розніцы, ці вырашыў “узмацніць”.

Я зусім не прыхільнік цяперашняга рэжыму, але ж каб ён быў таталітарны, то я б не напісаў, а вы б не прачыталі гэтых ды іншых маіх радкоў, хіба што перастукваліся б праз сценку.

 

Эпідэмія квазіцытавання

Я таксама нярэдка выкарыстоўваю ў сваіх артыкулах меркаванні экспертаў, з якімі гутару асабіста. І разумею цяжкасці журналіста, у якога вобмаль часу, а суразмоўца нагаварыў на дыктафон сто мегабайт, прычым да халеры вады, думкі рваныя, фармулёўкі невыразныя.

Што не дзіва, бо экспромтам нават абазнаны ў тэме чалавек нярэдка выказваецца шматслоўна, робіць памылкі. Іншым разам менавіта таму, што той знаўца шмат ведае, інтэрв’ю атрымліваецца доўгае, перагружанае неістотнымі для шараговага чытача дэталямі, якія эксперту падаюцца ну вельмі важнымі.

Калі даваць слова ў слова, то атрымаюцца доўгія, нудныя, блытаныя пасажы, плынь свядомасці. І вось журналіст пачынае той каментар адаптаваць, імкнучыся разам з тым захаваць простую мову, бо яна ажыўляе тэкст.

У выніку людзі ў матэрыялах пачынаюць гаварыць не так, як у жыцці, а так, як зручней аўтару. У адпаведнасці з ягоным пачуццём прыгожага.

Пра дзяржаўную прэсу ўвогуле маўчу, там даяркі ды механізатары разважаюць як ідэолагі на семінары.

Але і ў недзяржаўных медыях журналіст нярэдка ну надта ж вольна абыходзіцца з тым, што сказаў суразмоўца. Я не пра скарачэнне і не пра пераказ, а менавіта пра тую завядзёнку, калі пад маркай простай мовы канструююцца пасажы, якія добра кладуцца ў канцэпцыю матэрыялу, але далёка адыходзяць ад першакрыніцы. Я гэта называю квазіцытаваннем.

 

Узгадніце — карона не зваліцца

Зазначу, што я тут не разглядаю жанр класічнага інтэрв’ю (пытанні і адказы). Там свае правілы, гэта асобная тэма. І гэта жанр, якім не варта злоўжываць.

Увогуле ж я не прыхільнік журналістыкі, якую называю дыктафоннай — калі ў рэпартажах, карэспандэнцыях, артыкулах адзін у адзін даюцца вялікія кавалкі простай мовы і аўтар тэксту надта ж прывязаны да аўдыязапісу. Баіцца ад яго адысці, каб нешта не наблытаць. Ці проста лянуецца ўключаць мазгі дзеля сціслага пераказу. Бо перш чым пераказаць, трэба асэнсаваць.

Карацей, я за творчы падыход да падачы нечых выказванняў, супраць бяздумнай рэтрансляцыі “ад і да”. І калі гэта не публічная прамова і паралельна тыя развагі не пісалі яшчэ дзесяць журналістаў, то не бачу трагедыі ў касметычнай праўцы, якая не закранае сэнс і стыль. Напрыклад, нейкія словы ў цытаце пераставіць месцамі, каб не было непажаданай інверсіі, выправіць відавочна не той склон, выкінуць выпадковы паўтор. Але такая касметыка мусіць быць мінімальнай і далікатнай.

Увогуле ж як па мне, то найлепшы спосаб — камбінаваць мінімальна неабходнае цытаванне з пераказам. Даваць даслоўна толькі асобныя смачныя выразы суразмоўцы, астатняе — як тэзы без двукоссяў. Гэта і месца эканоміць, і дазваляе абыходзіцца без фальсіфікацыі простай мовы, гэтага вось квазіцытавання.

Натуральна, пераказ таксама мусіць быць карэктным. Ведаю, што такое шалёны тэмп сённяшняй журналістыкі. Кожны сказ з суразмоўцам не ўзгодніш, ды і не трэба. Але калі аўтар сумняваецца, што на 100% зразумеў эксперта і пераказаў яго дакладна, то лепей гэтыя абзацы ўзгадніць.

Адкрыю страшную таямніцу: сам іншым разам гэта раблю, калі ёсць сумневы, ці падсек фішку ў дыялогу з вузкім адмыслоўцам у пытаннях фінансаў, бяспекі ці транспартавання нафты, напрыклад. Паверце, карона не звальваецца.

А вось без згоды суразмоўцы ператвараць грубы канспект ці журналісцкую версію ў нібыта даслоўную падачу меркавання — гэта, калегі, непрафесійна. Ну не кажу, не кажу я “Аляксандр Рыгоравіч”! І “бацькам” яго не называю, хіба што калі іранізую над падачай беларускай тэмы ў расійскіх медыях.

А рэжым у нас, запісвайце па літарах, аў-та-ры-тар-ны.