Аўтарская калонка

Аляксандр Класкоўскі: Ды пішыце вы нармальнай мовай!

20.09.2018 Аўтарская калонка Аляксандра Класкоўскага 1506

Сёння модна страшыць, што журналістаў выціснуць робаты. Мне іншым разам здаецца, што некаторыя тэксты ў нашых медыях ужо цяпер пішуць робаты, нашпігаваныя тысячамі штампаў ды канцылярызмаў.

“У межах правядзення дадзенага мерапрыемства мела месца арганізацыя прэзентацыі…”. Наткнуўшыся на падобны пасаж, пакутніцкім тонам старога рэдактара пытаю аўтара: "А чаму нельга проста — на канферэнцыі адбылося тое і тое?" Паціскае плячыма: "Ніколі пра гэта не думаў. Як было ў прэс-рэлізе, так і замалаціў". А іншы скажа: "Не, ну, проста “на канферэнцыі” — гэта ж неяк несалідна!"

Ведаю і масцітых аглядальнікаў, якія вусна сваю тэматыку каментуюць са смакам, сакавіта ды вобразна, а вось як самі бяруцца пісаць, то пачынаюць генераваць жахлівыя пасажы кшталту “в условиях продолжающегося курса на осуществление ранее намеченных задач развития отрасли…”.

Чалавек зубы з’еў на сваёй праблематыцы, любіць яе, расказвае натхнёна, але чамусьці перакананы, што пісаць для СМІ трэба не так, як распавядаеш, а “салідна”.

Канцылярыт вылазіць з кожнай шчыліны

Чаму канцылярыт такі жывучы ў медыях? Бо яго нам накідаюць з маленства. Ужо ў садку дзіця не проста спявае ці расказвае вершык, а “бярэ ўдзел у мерапрыемстве”.

Магчыма, многае ідзе са школы, дзе прывучалі пісаць сачыненні мудрагеліста, з наваротамі даданых сказаў: “У дадзеным вобразе аўтар імкнуўся ўвасобіць тыповыя рысы, якімі характарызуецца…”. І чым болей такіх наваротаў, тым лепшая адзнака.

Пазней такім жа дубовым, засушаным і цьмяным стылем чалавек пісаў курсавыя, дыпломную. Увогуле ў нашай бюракратычнай дзяржаве канцылярыт пануе ўсюды. У транспарце замест “не прыхіляйцеся да дзвярэй” абвесцяць праз дынамікі нешта кшталту “в целях избежания защемления отдельных частей тела…”

Яшчэ канцылярыт ідзе ад ляноты журналістаў, якія працуюць з прэс-рэлізамі. Перарабляць казённыя пасажы ўлом, таму матэрыялы пярэсцяць дубовымі выразамі, плеаназмамі: “у цяперашні час” (замест “цяпер”), “у ходе правядзення дадзенага мерапрыемства” (замест “на свяце”), “перед собравшимися в зале участниками конференции выступил” (а перад кім яшчэ?).

Праблема яшчэ ў тым, што часта няма каму трохі прачысціць такому аўтару мазгі. У медыях далёка не ўсе рэдактары маюць гуманітарную, тым болей філалагічную ці журналісцкую адукацыю. Зрэшты, такі дыплом для медыйнага працаўніка не абавязковы, а вось без пачуцця мовы — бяда.

І яшчэ як стары буркун дадам: у наш час было заведзена шмат чытаць. Моцныя кнігі, а не смецце. Добрая літаратура выпрацоўвала моўны густ і давала элементарную пісьменнасць. Чалавек мог не ведаць тое ці іншае правіла, але інтуітыўна пісаў як трэба.

Калі друкуюць, то ўсё нармуль?

Сёння тэмп жыцця шалёны, чытаць раманы няма калі. Ды і раманы бываюць карава перакладзеныя, кепска вычытаныя карэктурай. Сёння — час інтэрнэту, сацыяльных сетак, а там непісьменнасці — праз край. Крытэры размываюцца. Увогуле да гуманітарыяў цяпер, у век крутых айцішнікаў, модна ставіцца з пагардай: няўдачнікі, жабракі. А па журналісцкай адукацыі не патаптаўся толькі лайдак.

Сапраўды, да журфака было багата прэтэнзій заўжды — і як я вучыўся, і цяпер. І ўсё ж, калі не займацца пяць гадоў абы чым, а ўлягаць у навуку, то гэта выдатная магчымасць займець грунтоўную моўна-літаратурную падрыхтоўку на ўсё жыццё.

Тым жа, хто прыйшоў у медыі не праз журфак, раю не глядзець звысоку на дысцыпліны, звязаныя з журналісцкім стылем.

Вельмі папулярнае меркаванне, што галоўнае — секчы фішку ў нейкай тэматыцы, а ўжо скласці словы ў сказы — рэч дзясятая. І ёсць багата аўтараў, якія пішуць даволі кампетэнтна, але ж так неахайна, карава, што тушы святло.

Іх публікуюць, аднак гэта не азначае, што такія артыкулы — узор ці норма. Гэта азначае, што ў нашых медыях многае робіцца праз пень-калоду. У прыватнасці таму, што бракуе рэсурсаў на добрую рэдактуру і карэктуру. За шліфоўку стылю звычайна не даплачваюць ні аўтару, ні тым, хто працуе з яго тэкстам. Дык нашто са скуры вылузвацца, мазгі сушыць? Збольшага коскі расставілі — і на сайт. Аўтар жа думае: ну, калі друкуюць, то ўсё нармуль. І малоціць далей у такім самым духу.

Тым, у каго праблемы са стылем, варта прачытаць хаця б мінімум добрых кніг па стылістыцы, літаратурным рэдагаванні, журналісцкім майстэрстве. Хаця б такую класіку, як “Слова жывое і мертвае” Норы Галь, “50 прыёмаў пісьма” Роя Кларка. Ёсць цікавыя выданні сучасных расійскіх аўтараў — “Новостная интернет-журналистика” Аляксандра Амзіна, “Пиши, сокращай” Максіма Ільяхава і Людмілы Сарычавай.

Чысціць тэксты ад моўнага шлаку

Яшчэ студэнтам, праглынуўшы дэфіцытную тады кніжку Норы Галь, я адчуў, што свет журналістыкі ўжо ніколі не будзе для мяне ранейшым. Грэбліва перачытаў свае ранейшыя публікацыі: сорам, жах, кашмар, якія завалы штампаў ды канцыляршчыны! Зрэшты, і па сёння чышчу свае тэксты ад таго ж пустазелля, бо яно імгненна прарастае, як толькі хоць трохі аслабляеш пільнасць.

Варта ўзяць за правіла: перад тым як здаваць матэрыял рэдактару ці самастойна выстаўляць на сайт, адшкадаваць пяць-дзесяць хвілін, каб пачысціць тэкст ад моўнага шлаку. Гэта не робіць вашы творы аўтаматычна шэдэўрамі, але надае ім людскасці.

Просты спосаб ажывіць стыль — часцей ужываць метафары, фразеалагізмы, крылатыя фразы. Зрэшты, не грэх памятаць, што і яны зашмальцоўваюцца. Напрыклад, пісаць пра нявырашаную праблему, што “воз и ныне там” — безумоўны маветон.

Тэкст становіцца смачнейшы, калі ў ім граюць размоўныя, жаргонныя, сленгавыя слоўцы ды выразы. Вучыцеся гэтаму ў папулярных блогераў. Але такую лексіку варта ўжываць дазавана і да месца.

Трэба прызнаць, што ў сэнсе моўнай культуры маскоўскія рэсурсы выглядаюць значна лепей, чым беларускія. Салідныя выданні маюць каноны кшталту славутай “Догмы” газеты “Ведомости”.

Дакумент лёгка знайсці ў сеціве. Адзін з раздзелаў прысвечаны менавіта стылю. Прычым устаноўкі жорсткія. Напрыклад, “категорически запрещены выражения “на сегодняшний день” и “на данный момент”. Оба они должны заменяться словами “сейчас” или “теперь”. Они значат то же самое, но звучат менее дубово и бюрократично”.

Я не чуў, каб такія “догмы” існавалі ў нашых рэдакцыях. Ва ўсякім разе, нават на аўтарытэтных беларускіх рэсурсах ды і ў друкаваных СМІ канцылярыту да халеры. Я не пра тыя выпадкі, калі цытуюцца нейкія афіцыйныя паперы ці выступы, а пра тое, што самі аўтары, уключна з прафесійнымі журналістамі, грашаць суконнай мовай.

Пытанні стылю або ўвогуле не ў фокусе рэдакцый, або ўважаюцца за дробязь, на якую шкада марнаваць час. У выніку на нашых медыях і з гэтае прычыны ляжыць, як ні прыкра, налёт правінцыйнасці.