Аўтарская калонка

Аляксандр Класкоўскі: Далоў каланіяльныя перажыткі!

31.10.2018 Аўтарская калонка Аляксандра Класкоўскага 626 1

Раз-пораз у нацыянальна свядомым сегменце фэйсбука ўспыхвае справакаванае чарговай нагодай абурэнне: як гэтыя расійцы смеюць называць нашу дзяржаву “Белоруссией”!

Я такіх жарсцяў не падзяляю. Ну называюць і называюць. Гэта ж іх мова, іх правілы, іх медыі. Немцы не патрабуюць, каб мы называлі іх краіну “Дойчланд”, а літоўцы, здаецца, не фантануюць абурэннем з нагоды “Вільні” ў нашых тэкстах.

Для мяне дык нашмат горай іншае. Калі ў нашых медыях — часцей міжволі, па інерцыі, чым свядома, — культывуюцца тэрміны, вобразы, уздымаюцца на шчыт персаналіі, даты і традыцыі, што дэ-факта звязаны з рэшткамі каланіяльнага менталітэту. Мы самі сябе малюем асколкам імперыі, па інерцыі прывязваем канатацыямі да ўсходняй суседкі.

Давайце называць Беларусь краінай!

Пачнем з элементарнага — прагнозу надвор’я, які ахвотна і рэгулярна змяшчаецца на ўсіх рэсурсах, бо гэта людзі чытаюць.

Дык вось, лексічны шаблон, на якім грунтуюцца паведамленні сіноптыкаў, не змяніўся з часоў майго дзяцінства (а я яшчэ Хрушчова на вокладцы свежага “Огонька” памятаю). “Па рэспубліцы месцамі дажджы”. Па рэспубліцы!

Магчыма, для заходняга вуха ў слове “рэспубліка” няма ніякіх спецыфічных канатацый. Ну, проста форма дзяржаўнага кіравання, пры якой найвышэйшыя органы абіраюцца на пэўны тэрмін.

У мяне ж (і, як пераканаўся, не ў мяне аднаго) — устойлівая канатацыя з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай будовай Савецкага Саюза. Тады толькі сам СССР яго насельнікі маглі называць  краінай ці дзяржавай. Далей — як ніжэйшыя звёны іерархіі, адміністрацыйныя адзінкі — ішлі рэспублікі, вобласці, раёны, сельсаветы. БССР дзяржавай ці краінай ніхто не называў, гэта было табу. Ды і напраўду ніякага рэальнага суверэнітэту тагачасная рэспубліка не мела, была цалкам падпарадкавана Маскве.

Дарэчы, для мяне паказальна, што Беларусь упарта называюць менавіта рэспублікай у расійскіх медыях. Тым самым нібыта ставячы на адну роўніцу з якой Башкірыяй ці Саха (Якуціяй). Пярэсціць гэтай самай “рэспублікай” і “Sputnik Беларусь”. Напрыклад, паведамляецца, што “в рейтинге эффективности национальных систем здравоохранения республика обошла США и Россию…”, што для ўдзелу ў Мюнхенскай канферэнцыі “в республику уже прилетел президент Армении” і да т. п.

Ну, у Sputnik’а, магчыма, гэта свядомая лінія. Але нашто нашы, айчынныя рэсурсы міжволі падгульваюць у гэтым сэнсе маскоўскім ды прамаскоўскім? Нашто доўжыць у такіх кантэкстах існаванне лексічнага стэрэатыпу, які фактычна ёсць асколкам імперскіх часоў?

Што да прагнозу надвор’я, то, імаверна, Белгідрамету ўлом мяняць шаблон, але ж у любой рэдакцыі гэта зойме літаральна хвіліну. Давайце ўсюды паслядоўна называць Беларусь краінай!

 

Ад Кулібіна да Петрасяна. Сіндром правінцыі

А цяпер прабяжымся поглядам па загалоўках ды тэкстах свецкай хронікі. Розныя персаналіі расійскага маскульту — ад Галкіна з Пугачовай да Петрасяна са Шнуром — нярэдка фігуруюць без аніякіх маркераў, што гэта замежныя артысты. Нібыта Беларусь — культурная правінцыя Расіі, частка таго самага “русского мира”.

Як па мне, дык у прынцыпе не варта было б надаваць столькі ўвагі ператрасанню бруднай бялізны расійскай багемы. Ужо лепей давайце пра сваю. І не столькі пра скандалы, колькі пра творчыя навінкі.

Ці вось загалоўкі з маёй калекцыі:

Беларускі Кулібін пабудаваў уласны ветраны рухавік

Бабруйскі Кулібін распавёў, як сабраў электрычны ровар

І нават (тут давядзецца даць без перакладу):

Белорусские «кулибины»: когда руки не для скуки

Гэтаксама можна сустрэць і “беларускага Мічурына”, і іншыя параўнанні нейкіх нашых людзей, што дасягнулі поспехаў у той ці іншай галіне, з расійскімі нібыта прататыпамі. Чаму менавіта расійскімі?

Зазначу, што частка фігур з той расійскай абоймы — зусім не першапраходцы, ім штучна, не грэбуючы фальсіфікацыямі, стварылі такую рэпутацыю падчас сталінскай барацьбы з “нізкапаклонствам перад Захадам”. Бо звышмэтай было давесці, што ўсё больш-менш важнае ў гісторыі чалавецтва — у тым ліку і паветраны шар, і самалёт, і ровар — прыдумалі ды стварылі менавіта рускія.

У нас жа — рэальнае нізкапаклонства перад усходняй суседкай.

Можна зразумець, калі расійская прэса, пішучы пра нейкага свайго вынаходніка, бярэ за ўзор дасягненні рускага механіка-самавучкі ХІХ стагоддзя Івана Кулібіна. Але чаму гэты стэрэатып малпуем мы?

Давайце памятаць, што ў XVI–XVIII стагоддзях менавіта выхадцы з ВКЛ — асветнікі, рамеснікі ды іншыя таленавітыя майстры — падцягвалі тэхнічны, тэхналагічны, культурны, адукацыйны ўзровень даволі адсталага тады Маскоўскага княства. Скарына пачаў друкаваць кнігі нашмат раней за Фёдарава ў Маскве. Ды і той Фёдараў насамрэч быў Янам Федаровічам з нашых краёў.

І калі ўжо казаць пра вынаходнікаў, то нараджэнец ВКЛ Казімір Семяновіч у XVII стагоддзі меў еўрапейскую славу. Менавіта ён вынайшаў шматступеневую ракету. Як адзначае пісьменнік Уладзімір Арлоў, некаторыя вынаходкі Семяновіча і па сёння выкарыстоўваюцца ў ракетабудаванні. Так што нам ёсць кім ганарыцца і ёсць каго браць за ўзор і без стэрэатыпных расійскіх фігур.

Ці вось яшчэ. Шэраг СМІ ў нас працягвае ўпарта накідаць Таццянін дзень як Дзень студэнта. Хоць гісторыя гэтай даты такая: 25 студзеня 1755 года, у дзень святой пакутніцы Таццяны Рымскай, імператрыца Елізавета Пятроўна падпісала ўказ пра заснаванне Маскоўскага ўніверсітэта.

“Калі людзі не ведаюць гісторыі, то тады яны трапляюць у смешныя сітуацыі. Калі ствараўся Маскоўскі універсітэт, Беларусь не ўваходзіла ў Расійскую імперыю. Таму ніякага дачынення Таццянін дзень да Беларусі не мае ні з якога боку”, — патлумачыў ў свой час на “Радыё Свабода” Алег Трусаў.

Дык ці не лепей рабіць прамоцыю Міжнароднаму дню студэнтаў 17 лістапада? Трусаў, між іншым, прапанаваў дату 30 кастрычніка — дзень стварэння Віленскага ўнівэрсітэта. Але ж і тая прапанова не ўсім спадабалася, хаця б таму, што Вільня сёння — гэта літоўскі Вільнюс.

Карацей, давайце дыскутаваць. Але дакопвацца менавіта да родных дат. І не гнаць лухту пра тое, што ставіць навагоднія ёлкі нас прывучыў Пётр І, як гэта падаюць у многіх медыях пад Новы год. Пётр кіраваў яшчэ раней за Елізавету.

Дарэчы, калі ўжо на тое, дык і Дзед Мароз — штучны персанаж, створаны савецкімі ідэолагамі-атэістамі. Я разумею, што адным махам традыцыю не перайначыш. Але беларускія медыі маглі б часцей нагадваць, што традыцыйны навагодні вобраз нашых продкаў — святы Мікалай (і Санта-Клаус, між іншым, — гэта проста скажэнне галандскай транскрыпцыі “святога Мікалая”).

 

Развенчваць савецкі наратыў

Калі як след разбірацца з датамі, то становіцца відавочна, што многія нават афіцыйна зацверджаныя святы ў сённяшняй Беларусі — ад Дня абаронцаў Айчыны да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі — прывязаны да падзей расійскай гісторыі. 7 лістапада 1917 года бальшавікі здзейснілі пераварот у Петраградзе, тагачаснай сталіцы Расіі. 23 лютага 1918 года чырвоныя атрады ўцякалі ад немцаў пад Псковам ды Нарвай (тут двайны абсурд: святкуем чужую паразу). Скажыце: якое гэта мае дачыненне да суверэннай Беларусі?

Высокае тутэйшае начальства трымаецца за гэты фальшывы савецкі наратыў збольшага праз інерцыю ды брак свежага мыслення. Зразумела, што дзяржаўная прэса хоцькі-няхоцькі падтрымлівае той нафталін. Але недзяржаўныя беларускія медыі мусяць спакойна тлумачыць шырокай публіцы, што гэта прывязка нашага календара да савецка-імперскай міфалогіі — штучная, хібная. Прыдзе час — і беларускі каляндар зменіцца на карысць сапраўды нацыянальных дат.

А пакуль — хаця б далоў “рэспубліку”! Там, дзе мусіць гучаць: краіна.

 

Графіка: Міхаіл Златкоўскі/zlatkovsky.ru

Каментары

Як казаў адзін мой знаёмы: "Беларусы настолькі доўга жылі пры манархіі, што ніяк не могуць нарадвацца рэспубліканскай форме кіравання".