3833

Аляксандр Баразенка выйшаў на свабоду з Акрэсціна (фота, відэа)

09.04.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У нядзелю з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў выйшаў на свабоду журналіст “Белсата” Аляксандр Баразенка. Аператар тэлеканала быў затрыманы падчас асвятлення акцыі 25 сакавіка і абвінавачаны ў дробным хуліганстве, якое ён відавочна не здзяйсняў.

Аляксандра Баразенку прыйшло сустракаць шмат журналістаў, яны дзеляцца думкамі пра ўмовы працы ў краіне. Глядзіце відэа анлайн-трансляцыі!

Журналісцкая супольнасць расцаніла арышт, вызначаны суддзёй Таццянай Мотыль, як звядзенне ўладай рахункаў з тэлеканалам, які цягам сакавіка вёў папулярныя анлайн-трансляцыі пратэстаў у розных гарадах Беларусі. Сведкамі ў справе выступалі супрацоўнікі мінскага АМАП Міхаіл Варывончык і Арцём Міхалевіч. У знак пратэсту супраць надуманага абвінавачання Аляксандр Баразенка аб’явіў галадоўку. Ён адмаўляўся ад ежы 13 дзён.

Падчас арышту Баразенку выклікалі для следчых дзеянняў. Яму прывезлі пакунак з ягонымі рэчамі — відэатэхнікай, на абсталяванні былі наклееныя лагатыпы "Белсата". Гэтую тэхніку, паводле пратакола выняцця, забралі.

Паводле слоў Аляксандра, гэта моцна паўплывала на яго фізічны і эмацыйны стан, давялося нават выклікаць хуткую. Пасля чаго ён спыніў галадоўку.

"Мяне пазбавілі магчымасці працаваць", — падкрэсліў Аляксандр Баразенка.

За ўвесь час Аляксандр Баразенка атрымаў толькі адну тэлеграму, хаця яму шмат пісалі сябры і калегі. Карэспандэнцыю проста не аддавалі.

Вызвалілі журналіста сёння а 15:10.

БАЖ вёў прамую відэатрансляцыю сустрэчы.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!