4573

Аляксандр Баразенка аб’явіў галадоўку. Напішы ліст журналісту ў турму!

28.03.2017 Крыніца: ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”

Асуджаны ўчора на 15 сутак журналіст тэлеканала “Белсат” Аляксандр Баразенка аб’явіў галадоўку ў знак пратэсту з незаконным пераследам. Увесь час арышту Баразенка мае намер адмаўляцца ад ежы.

Зняволеннем Баразенку пакарала суддзя Маскоўскага раённага суда Мінска Таццяна Мотыль, неаднаразова заўважаная ў палітычных рэпрэсіях. Арышт Баразенка і іншыя асуджаныя журналісты будзе адбываць у сталічным Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

Таксама на Акрэсціна адбываюць арышт журналісты Марына Кастылянчанка (15 сутак), Сяргей Кійко (12 сутак), Раман Пратасевіч (10 сутак) і Дзяніс Івашын (5 сутак). Заклікаем дасылаць ім лісты і тэлеграмы ў знак падтрымкі.

Давайце падтрымаем калег!

Лісты і тэлеграмы асуджаным можна слаць на адрас: 220089, г. Мінск, 1-шы завулак Акрэсціна, 36, Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў.

Тэлеграму можна адправіць са стацыянарнага тэлефона праз кароткі нумар 166.

 

Таксама ў Віцебску пад арышт патрапілі сябры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Леанід Свецік (15 сутак), Канстанцін Мардзвінцаў (15 сутак) і Арцём Сізінцаў (10 сутак). Дасылаць лісты і тэлеграмы можна на адрас: 210038, г. Віцебск, Маскоўскі пр-т, 59А, Ізалятар часовага ўтрымання.