2421

Аліну Літвінчук аштрафавалі на 30 базавых велічынь за працу без акрэдытацыі

13.01.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Такое рашэнне ў дачыненні да брэсцкай незалежнай журналісткі вынес суд Ленінскага раёна горада над Бугам.

Незалежную журналістку абвінавацілі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе інфармацыі паводле сумнавядомага артыкула 22.9 ч.2 Кодэкса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях. У прыватнасці, у матэрыялах разгледжанай ў судзе справы фігуравала “передача інфармацыі” пра дзейнасць Брэсцкага абласнога аддзялення арганізацыі “Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых” (YMCA), якой была прысвечана публікацыя на сайце “Беларускага Радыё Рацыя”.

“Я адмовілася даваць якіх-кольвек паказанні, – распавяла Аліна Літвінчук. – Суд зрабіў высновы на падставе паказанняў сведкі – прадстаўніка YMCA Аляксандра Драчука. Суддзя Святаслаў Каліна, выслухаўшы сведку, нават не выходзіў у дарадчы пакой, бо меў пры сабе падрыхтаванае рашэнне, якое адразу ж зачытаў. Відавочна, што ў дадзеным выпадку парушаны мае правы ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, якая гарантуе кожнаму грамадзяніну права на бесперашкодны збор і распаўсюд інфармацыі”.

Аліна Літвінчук заявіла, што будзе абскарджваць пастанову.