2597

Алесь Чобат прэзентаваў у Гродна сваю «Планету»

11.11.2016 Крыніца: Андрэй Мялешка для baj.by

Сляпы паэт і пісьменнік, журналіст Алесь Чобат прадставіў жыхарам Гродна сваю «Планету».

Алесь Чобат аслеп пасля аперацыі ў 2013 годзе. Ён жыве ў Скідзелі, і на сустрэчу адмыслова прыехаў з горада, што ў 30 км ад Гродна.

Алесь Чобат пры жыцці стаў легендай, а яго творы — песнямі розных беларускіх гуртоў. Для гродзенцаў спадар Алесь — гэта Паэт і Аўтар каля дзесятка кніг прозы і паэзіі.

Алесь Чобат быў звязаны і з журналістыкай. Ён яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў паспеў папрацаваць рэпарцёрам і аглядальнікам тыднёвікаў «Перспектива», «Гродненские новости», «Гродненская неделя», меў дачыненне да стварэння ў горадзе газеты “Рэанімова”.

На сустрэчы гродзенскія паэты і грамадскія дзеячы чыталі яго вершы і размаўлялі пра творчасць.

Гродзенскі журналіст і публіцыст Уладзімір Хільмановіч заўважыў, што знаёмы з творчасцю Алеся Чобата з канца 1980-х гадоў, калі з’явіўся самвыдат “Рэанімова”. Гэты самвыдат і быў першым беларускім незалежным выданнем у горадзе.

“Таксама ў мяне быў адзін даволі цікавы выпадак, звязаны з творчасцю Алеся Чобата, — узгадвае Уладзімір Хільмановіч. — Падчас адной з выбарчых кампаній у нас на офісе грамадскага аб’яднання “Вясна” адбываліся ператрусы і канфіскацыя тэхнікі супрацоўнікамі КДБ. І пільныя КДБшнікі канфіскавалі сярод іншага кнігу Алеся Чобата “Зямля Святога Лукі”. Кнігу, канешне, праз некаторы час вярнулі. Хіба, іх нехта пераканаў, што гэта кніга не пра Лукашэнку”.

Напрыканцы сустрэчы гродзенскі сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, музыка Алесь Дзянісаў выканаў некалькі песень на вершы Алеся Чобата.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!