287

Алену Шабуню зноў будуць судзіць за працу без акрэдытацыі

09.11.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Незалежную журналістку Алену Шабуню затрымалі 8 лістапада па падазрэнні ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі. Але ў пастарунку  нечакана ёй уручылі адміністрацыйны пратакол  за “падрыхтоўку і распаўсюд” матэрыялу для тэлеканала “Белсат”.

Алену Шабуню затрымалі разам з вядомай віцебскай актывісткай Таццянай Севярынец. Толькі за тое, што яны шлі па вуліцы, распавяла журналістка:

— Мы ішлі ў цэнтры Віцебска каля гандлёвага цэнтра “Марка-сіці”. Вакол было вельмі шмат міліцыі, відаць, яны пільнавалі магчымых удзельнікаў акцыі салідарнасці. Стаялі міліцэйскія машыны, бусы з цёмным шклом, дзяжурыла ДАІ.  Мы з Таццянай ішлі нетаропка, заходзілі па дарозе ў крамы. У яе быў бел-чырвона-белы парасон, але складзены. Нехта з намі павітаўся словамі “Жыве Беларусь!”, мы адказалі як належыць. І неўзабаве нас дагналі міліцыянты, адвезлі ў аддзел міліцыі Чыгуначнага раёна, заявіўшы, што мы скандавалі лозунгі  і пляскалі ў ладкі.

Праз тры гадзіны абедзьвюх спадарынь адпусцілі. Таццяну Севярынец — увогуле без складання пратакола. А да Алены Шабуня прыехаў міліцыянт з Першамайскага РАУС і склаў на яе пратакол паводле артыкула 22.9 КаАП. Падставай для абвінавачання ў журналісцкай дзейнасці без акрэдытацыі  стаў сюжэт пра выгнанне ўладамі Беларусі ксяндза-паляка ў гарадскім пасёлку Варапаева, паказаны на тэлеканале "Белсат". Калега Алены, незалежны журналіст-фрылансер Зміцер Лупач ужо быў аштрафаваны з гэтай самай прычыны на 40 базавых велічынь.

Адміністрацыйную справу Алены Шабуня будзе разглядаць суд Першамайскага раёна Віцебска 10 лістапада а 15-й гадзіне.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!