4385

Алена Шабуня — міністру ўнутраных спраў: “Я не толькі не лічу сябе вінаватай. Я нават пратакол прачытаць не магу!”

13.03.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 23.5 КаАП

У Віцебску чакаюцца новыя суды за “незаконную журналісцкую дзейнасць”. Пратаколы паводле  ч. 2 артыкула 22.9 КаАП складзены на БАЖаўцаў Алену Шабуню і Вячаслава Лазарава. Але што канкрэтна напісалі ў пратаколах супрацоўнікі міліцыі, прачытаць немагчыма.

Алена Шабуня

Па словах Алены Шабуня, пра адміністрацыйную справу яна даведалася з тэлефоннай размовы:

“У першы тыдзень сакавіка мне патэлефанаваў нейкі мужчына, назваўшыся супрацоўнікам Віцебскага райаддзела міліцыі. Сказаў, што супраць нас з Вячаславам распачалі адмінастрацыйную справу за відэаматэрыял “У вёсцы ля возера няма вады”, які выйшаў на тэлеканале “Белсат”. У сувязі з гэтым невядомы суразмоўца запрашаў нас на гутарку ў пастарунак. Я адмовілася і запатрабавала афіцыйных позваў. Такая самая пазіцыя была і ў Вячаслава Лазарава. Але позваў ні ён, ні я так і не атрымалі”.

Затое Алена і Вячаслаў атрымалі з РАУС копіі пратаколаў аб правапарушэнні. Копія настолькі неразборлівая, што Алена Шабуня абурылася і напісала зварот да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.

“Дасылаць дакументы ў такім выглядзе — гэта проста абраза! Я разумею, што фармальна патрабаванне заканадаўства выкананае. Але якасць выканання няхай цяпер ацэніць сам міністр і апарат МУС. Я папрасіла, каб змест пратакола там паспрабавалі “расшыфраваць” і пераказаць мне. І зрабіць высновы, ці належным чынам супрацоўнікі міліцыі выконваюць свае абавязкі”, — сказала Алена Шабуня.

Яна падкрэслівае, што ад тлумачэнняў па справе ні яна, ні Вячаслаў Лазараў не адмаўляліся. Але міліцыянты не далі ім магчымасці выказацца — толькі паведамілі, што справы ўжо ў судзе.

Віцебскі раённы суд ужо прызначыў дату і час разгляду: 16 сакавіка а 9:30. Які суддзя будзе весці працэс, пакуль не вядома.

Вячаслаў Лазараў

Гэта будзе другі суд у Віцебску за матэрыялы, паказаныя на тэлеканале “Белсат”. 22 лютага Кастрычніцкі раённы суд аштрафаваў “за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ” БАЖаўцаў Віталя Скрыля і Уладзіміра Лунёва.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!