436

Алег Сянцоў трапіў у рэанімацыю

16.10.2018 Крыніца: NN.by

Украінскі рэжысёр Алег Сянцоў, асуджаны ў Расіі, знаходзіцца ў рэанімацыі бальніцы горада Лабытнангі пасля 145 дзён галадоўкі. Пра гэта яго сястра Наталля Каплан паведаміла ўкраінскаму тэлеканалу «24».

Паводле Каплан, адмова ад ежы прывяла да незваротных наступстваў для здароўя: у Сянцова праблемы з сэрцам, мозгам, страўнікам, печанню, ныркамі, кішэчнікам.

Каплан адзначыла, што рэжысёр ужо напісаў завяшчанне. «Ён не верыць, што выйдзе, або, можа і верыць, але ўжо не чакае гэтага. Я спадзяюся, што мы яго адтуль выцягнем», — кажа сястра.

6 кастрычніка Сянцоў вымушана спыніў галадоўку, паколькі яго сабраліся карміць прымусова. За 145 дзён ён схуднеў на 20 кілаграмаў і сур'ёзна падарваў здароўе.

Алега Сянцова затрымалі 11 траўня 2014 на тэрыторыі акупаванага Крыма і абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэракту на паўвостраве падчас незаконнай анэксіі Расіяй. Пазней яго абвінавацілі ў захоўванні зброі і выбухоўкі. У жніўні 2015 года ў Расіі Сянцова прысудзілі да 20 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму ў горадзе Лабытнангі. А 14 мая 2018 года Сянцоў абвясціў галадоўку з патрабаваннем вызваліць усіх украінскіх палітвязняў, якія ўтрымліваліся ў Расіі і ў Крыму.