249

Актывістка «Руху 328» спецыфічна каментавала справу магілёўскага даішніка. На яе завялі крымінальную справу

23.05.2019 Крыніца: "Наша Ніва" Сюжэт: Дыфамацыя

Актывістка «Матчынага руху 328» Марына Мацулевіч паведаміла ў фэйсбуку, што ў яе канфіскавалі тэхніку і вязуць у Следчы камітэт. На яе нібыта завялі справу па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса — «абраза асобы пры выкананні». 

Гэтая жанчына прэзентуе сябе бізнес-трэнерам.

У «Матчын рух 328» трапіла тыпова — яе адзінага сына Рамана асудзілі за распаўсюд наркотыкаў ажно на 14 год. Гэтае гора зрабіла яе адной з самых заўважных фігур у руху: яна раздала шмат інтэрв'ю, удзельнічала ў галадоўцы пад сценамі Валадаркі.

У сваіх публічных ацэнках дзейнасці сілавых органаў і ўладаў Мацулевіч даволі рэзкая, у ацэнках свайго лёсу — жаласлівая. 

У прыватнасці, яна публічна расказвае пра праблемы сямейнага жыцця, пра суіцыд сваёй маці.

«Мой сын быў у дэпрэсіі з-за праблем у асабістым жыцці і бізнэсе. У перыяд чорнай паласы знаёмы прапанаваў Раману расслабіцца і паспрабаваць наркотык. Сын не ведаў, што гэта за рэчыва.

Потым, калі, як той казаў, спадабалася, сказаў, што можна атрымліваць наркотыкі дарма, аказваючы паслугі дастаўкі.

Вось цяпер чытаеш каментары пад рознымі інтэрв'ю маці, асуджаных па гэтым артыкуле, і там пішуць: «Трэба было выхоўваць».

А я выхавала вельмі добрага сына. Я выхавала разумнага, добрага, таленавітага чалавека. Ён апынуўся ў такой сітуацыі, таму што знаходзіўся ў цяжкім псіхалагічным становішчы», — расказвала Марына Мацулевіч у інтэрв'ю Куку.орг.

Апошнія паведамленні ў сацыяльных сетках Марыны датычылі гібелі даішніка ў Магілёве. Жанчына выкладвала даволі спецыфічныя развагі ў духу: «Калі хлопец з ДАІ сапраўды так зрабіў [суіцыд — Рэд.], то ён, канечне, герой».

За абразу асобы пры выкананні ёй можа пагражаць да трох гадоў абмежавання волі.