453

Актывіста ўсё ж аштрафавалі за дыcлайк у “Одноклассниках”

24.12.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Суд Дрыбінскага раёна 23 снежня пакараў штрафам у 10 базавых велічынь (255 рублёў) мясцовага актывіста Андрэя Юркова за эмодзі “сумую” ў сацыяльнай сетцы “Одноклассники”.

Суддзя Барыс Пігаль палічыў, што паставіўшы значок “сумую” пад ілюстрацыяй, дзе параўноўваліся савецкі і нацысцкі рэжымы, Андрэй Юркоў распаўсюдзіў  экстрэмісцкую сімволіку і такім чынам здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне. На карцінцы ў “Одноклассниках” утрымліваліся выявы савецкай і нацысцкай сімволікі, пасля таго, як актывіст націснуў “сумую”, дзякуючы алгарытму сацыяльнай сеткі допіс аўтаматычна з’явіўся на яго старонцы.

Сам Юркоў сцвярджаў, што ён не меў ніякага намеру распаўсюджваць чужы пост, а з дапамогай дыслайка выказваў негатыўнае стаўленне да нацысцкага і савецкага рэжымаў.

Суд Дрыбінскага раёна пакараў Андрэя Юркова мінімальным штрафам, які прадугледжваецца ч.2 арт. 17.11 КаАП Рэспублікі Беларусь.  У яго таксама не забіралі на экспертызу камп’ютар, з дапамогай якога актывіст здзяйняў правапарушэнне. Суддзя Барыс Пігаль выказаў меркаванне, што Юркоў не меў намеру распаўсюджваць забароненую сімволіку, але сам факт распаўсюду ўсё ж меў месца.

Юркоўне прызнае сябе вінаватым і намераны абавязкова абскардзіць рашэнне суда Дрыбінскага раёна.Ён лічыць, што гэты адміністрацыйны пераслед палітычна матываваны і звязаны з яго ўдзелам у парламенцкай выбарчай кампаніі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!