644

Акрэдытацыя журналіста: не бар’ер, а спрошчаны доступ да інфармацыі

28.06.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

На сайце osce.org апублікаваны даклад “Акрэдытацыя замежных журналістаў у рэгіёне АБСЕ”, падрыхтаваны на замову бюро Прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ.

“У некаторых краінах – удзельніцах АБСЕ акрэдытацыя часта ўспрымаецца як дазвол на працу, што не адпавядае міжнародным стандартам у галіне свабоды выказвання меркаванняў”, – адзначаюць аўтары дакумента.

Яны даюць шэраг рэкамендацый, сярод якіх ёсць наступныя:

- Важна, каб рэжым акрэдытацыі служыў для прадастаўлення прывілеяў і паляпшэння ўмоваў працы журналістаў;
- Важна, каб наяўнасць акрэдытацыі не рабілася ўмовай для атрымання візы ці ўезду ў краіну;
- Важна забяспечыць права фрылансераў на атрыманне акрэдытацыі;
- Скрайне важна, каб акрэдытацыя не рабілася інструментам кантролю за зместам журналісцкіх матэрыялаў;
- Рэкамендуецца, каб адмова альбо пазбаўленне акрдытацыі не выкарыстўваліся ў якасці санкцый у адказ на прапаганду ў медыя ці ў якасці іншых абмежавальных захадаў.

“ГА “БАЖ” вітае гэты даклад і падзяляе падыходы, якія ў ім утрымліваюцца, – кажа сябра Праўлення арганізацыі, юрыст Алег Агееў.

– У дакладзе гаворыцца і пра беларускія праблемы як уласцівыя для некаторых краін нашага рэгіёна. Мы паслядоўна трымаемся меркавання, што акрэдытацыя не павінна ўспрымацца як бар’ер на шляху журналіста да інфармацыі. Акрэдытацыя павінна даваць магчымасць спрошчанага доступу журналіста да розных падзеяў і працэсаў”.

Фразмент даклада, дзе згадваюцца адміністрацыйныя справы Андрэя Мялешкі, Алеся Залеўскага, Алеся Дзянісава, іншых беларускіх журналістаў, якіх штрафавалі за супрацоўніцтва з польскімі СМІ без акрэдытацыі:

“Юрысты ГА “БАЖ” вядуць справу, звязаную з акрэдытацыяй замежных журналістаў у Беларусі, – працягвае Алег Агееў. – Сёння ў Камітэт па правах чалавека ААН перададзены зварот датычна гродзенскага журналіста Віктара Парфенёнкі, які сем разоў атрымліваў адмовы ў акрэдытацыі. У звароце мы просім, каб Камітэт рэкамендаваў Беларусі адмяніць такую падставу для адмовы, як ранейшая журналісцкая дзейнасць у інтарэсах замежнага СМІ без акрэдытацыі. Я лічу, што гэта нелегітымнае абгрунтаванне, якое выкарыстоўваецца як забарона журналісту на доступ да інфармацыі. Таксама мы просім рэкамендаваць Беларусі ўвесці працэдуру абскарджання адмовы ў акрэдытацыі. Пакуль яе наогул не існуе, і журналіст не можа ні ў адным з дзяржаўных органаў Беларусі абараніць сваё парушанае права”.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!