1508

Ахова суда Кастрычніцкага раёна Магілёва не прызнае пасведчанне журналіста ў якасці дакумента

14.12.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Доступ да інфармацыі

Магілёўскага журналіста БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча не пусцілі ў будынак суда Кастрычніцкага раёна горада Магілёва, бо супрацоўнік паста аховы палічыў, што пасведчанне карэспандэнта інфармацыйнага агенцтва БелаПАН не з’яўляецца дакументам, якім можа засведчыць асобу.

Уладзімір Лапцэвіч хацеў азнаёміцца са спісам судовых пасяджэнняў, прызначаных на 13 снежня. Паколькі расклад у будынку суда вывешваецца за турнікетам, яму патрэбна было прайсці паўз супрацоўніка дэпартамента аховы. Па словах журналіста, той запатрабаваў у яго дакумент, які б засведчыў бы асобу. Лапцэвіч прад’явіў супрацоўніку міліцыі пасведчанне карэспандэнта інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, у якім утрымлівалася ўся неабходная інфармацыя — імя, прозвішча, нумар пасведчання і подпіс. Аднак супрацоўнік аховы адмовіўся прапускаць журналіста і запатрабаваў ад яго прад’явіць пашпарт.

Лапцэвіч прапанаваў ахоўніку паказаць яму пункт інструкцыі, які патрабуе прад’яўлення менавіта пашпарта, аднак той гэтага зрабіць не змог.

Журналіст адзначыў, што пакуль яны высвятлялі адносіны з супрацоўнікам дэпартамента аховы, у будынак суда Кастрычніцкага раёна ішло шмат людзей. Прычым многіх з іх — супрацоўнікаў міліцыі, адвакатаў — ахоўнік прапускаў па службовых пасведчаннях.

На пытанне Лапцэвіча, чаму па службовых пасведчаннях адвакаты могуць прайсці, а журналіст не, супрацоўнік дэпартамента аховы адказаць не здолеў.

Па словах Уладзіміра Лапцэвіча, пасля здарэння ў судзе ён паехаў у дэпартамент аховы Ленінскага раёна і пакінуў свае заўвагі ў Кнізе заўваг і прапаноў.

Журналіст лічыць, што ў дзеяннях супрацоўніка дэпартамента аховы можна пабачыць парушэнне артыкула 198 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Перашкаджэнне законнай прафесійнай дзейнасці журналіста).