1763

Агучаныя лепшыя праекты ў рамках адукацыйнага курсу па медыябізнэсе

31.10.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Адукацыйную праграму па медыйным бізнэсе ладзілі ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" у партнёрстве з Міжнароднай федэрацыяй журналістаў і Еўрапейскім вяшчальным саюзам (Акадэміяй Еўрабачання), а таксама Інстытутам прадпрымальніцтва і менеджмента.

У адукацыйным курсе бралі ўдзел звыш 20 чалавек. Яны працавалі з дзейснымі праектамі — сайтамі і блогамі — вучыліся манетызаваць кантэнт, шукаць бізнэс-партнёраў, прасоўваць праекты на рынку, ствараць каманду, акрэсліваць выразна аўдыторыю  і інш.

Падчас выніковай сустрэчы ўдзельнікі курсу прадставілі свае праекты, з якімі яны працавалі. Прапануем для азнаямлення некаторыя праекты. Магчыма, яны натхняць чытачоў нашага сайта стварыць свой інфармацыйны рэсурс.

 

Зміцер Салаўёў

Сайт 6tv.by

Сайт 6tv.by — гэта сацыяльны праект, скіраваны на данясенне інфармацыі для жыхароў магілёўскага рэгіёна. Ахоплівае Магілёўскую вобласць.

Зміцер Салаўёў распавёў, што ў вобласці больш няма незалежных сайтаў, якія б мелі такі тэрытарыяльны ахоп. Цяпер сайт 6tv.by мае 28 тысяч наведнікаў у месяц, ёсць журналісты ў 10 райцэнтрах з 19. Пакуль не хапае “свайго чалавека” ў Бабруйску і Асіповічах.

“Наша місія — даносіць інфармацыю туды, дзе няма нічога, апроч раёнкі. Мы ўзялі медыйны кірунак. Цяпер на сайце выходзіць шмат матэрыялаў па тэмах, што тычацца жыхароў рэгіёна, відэаматэрыялаў, ёсць гадзінная відэаперадача. Арыентуемся на інтэрнэт-тэлебачанне праз сервісы YouTube”, — распавёў Зміцер Салаўёў.

У планах рэдакцыі — стварыць студыю для запісаў праграм, у распараджэнні ўжо ёсць вялікае памяшканне, дзе і працуе калектыў.

Задача рэдакцыі — максімальна прыцягнуць чытачоў да ўдзелу ў працы сайта, у стварэнні кантэнту. У планах таксама арганізаваць “Клуб 6tv”. Яго сябры будуць мець магчымасць уплываць на рэдакцыйную палітыку сайта. Мяркуецца, што гэта зробіць сайт больш набліжаным да аўдыторыі.

 

Юркоў Уладзіслаў

Сайт Downshifter.by

Сайт паўстаў на аснове блога. Уладзіслаў Юркоў распавёў, што ён ужо шмат год жыве з жонкай у вёсцы — сям’я свядома абрала такі лад жыцця. Цяпер жа стала модна ці з’язджаць у вёску з горада на сталае жыхарства, ці набываць жытло ў вёсцы для летняга адпачынку. Але гарадскія жыхары не заўсёды ведаюць як справіцца з такой набліжанасцю да прыроды.

Фармат сайта: лангрыды і лайфхакі на тэму таго, як жыць у вёсцы.

 Альтэрнатыўны сельскі лад жыцця мае на ўвазе выкарыстанне сучасных тэхналогій, здаровы лад жыцця, устойлівае развіццё, экалагічную граматнасць. Усё гэта і будзе прадстаўлена на сайце.

“Мы хацелі б заняць сваю нішу на рынку лайфстайл-выданняў. Я ў тэме жыцця ў вёсцы і вырашыў пісаць пра гэта аб’ектыўна і якасна”, — распавёў Уладзіслаў.

Магчымымі рэкламадаўцамі рэдакцыя разглядае вытворцаў розных будматэрыялаў, арганічнай касметыкі, экатавараў.

Плануецца, што на сайце, апроч навін, будуць выходзіць адзін-два вялікія якасныя матэрыялы на тыдзень.

“Наша мэта — стварэнне грамадзянскай супольнасці ў вёсцы, выхад на самаакупнасць”, — патлумачыў аўтар канцэпту.

 

Святлана Станкевіч

Інтэрнэт-часопіс пра горад Smorgon.org

“Гэта ніша slow media ў супрацьвагу навінавым парталам. Мэта — не хуткія навіны, а матэрыялы для глыбокага, удумлівага спажывання. Сайт я пакуль раблю адна, а запусціўся ён у траўні. Гэта — адзінае незалежнае выданне ў Смаргоні з 2005 года, з часоў, калі закрылі незалежную "Новую газету Сморгони".

“Мы гаворым пра правінцыю чалавечай мовай, пішам пра тое, што не бачна іншым СМІ. Хацелі б на падставе міжасабовых кантактаў рабіць нешта дзеля развіцця нашага рэгіёна.  Паводле “Яндэкс-метрыкі”, наш чытач — чалавек ад 18 да 60 год. У большасці гэта людзі з вышэйшай адукацыяй, нізкім або сярэднім узроўнем прыбытку.  Арыентуемся не толькі на смаргонцаў, але і на тых, хто з'ехаў і настальгуе па ранейшых часах”, — распавяла Святлана Станкевіч.

Аўтар праекта сказала, што ў планах запусціць краўндфандынг, кантэкстную і натыўную рэкламу.

 

Юрый Плоткін

Сайт Masheka.by

Сайт існаваў 7 год у рэжыме хобі Юрыя Плоткіна. Падчас адукацыйнага курсу яго стваральнік вырашыў больш сур’ёзна заняцца праектам ды распрацаваў канцэпт з акрэсленай аўдыторыяй, медыйным планам, які дазволіў бы прыцягваць рэкламадаўцаў.

“Наша місія — дапамагаць людзям сумесна ўдзельнічаць у вырашэнні праблем горада”, — гаворыць Юрый Плоткін. 

 

Максім Хлябец  

Сайт Natatnik.by

Мы хочам са свайго хобі зрабіць паспяховы бізнэс-праект. Мы ствараем актуальны гайд па Брэсце для жыхароў горада і яго гасцей. Таксама будзем запускаць англамоўную версію, чаго няма ў іншых сайтаў. Нашыя моцныя бакі — цудоўна трапляем у нашу аўдыторыю, у нас толькі аўтарскія матэрыялы і ёсць каманда, якая працуе над іх стварэннем. Але ёсць і слабыя бакі — адсутнасць офіса, занятасць каманды ў іншых сферах”, — распавёў Максім Хлябец.

Адна з мэтаў сайта — стварэнне супольнасці, якая будзе ладзіць сустрэчы і падзеі для “сваіх” сябраў.

 

Ірына Новік

Hrodna.life

Сайт працаваў дзесяць год пад шыльдай “Твой стыль” як вучэбны праект Школы маладога журналіста. У гэтым годзе адбыўся рэбрэндынг і сайт стаў называцца Hrodna.life, рэдакцыя перайшла на камерцыйныя рэйкі.

Паводле Ірыны Новік, моцны бок праекта — гэта найперш напрацаваныя за папярэднія гады сувязі ў горадзе.

Аднак сайт у камерцыйным фармаце працуе нядаўна і калектыву няпроста гэта засвойваць. Да таго ж на сайце ў штаце — толькі тры асобы, пры гэтым яны прадукуюць ці не 90 % інфармацыйнага кантэнту гродненскага рэгіёна.

Рэдакцыя прытрымліваецца беларускай мовы ў сваёй працы, але, на жаль, беларуская мова кепска індэксуецца пашукавікамі і даводзіцца рабіць рускамоўнае люстэрка сайта, а гэта дадатковыя расходы часу і высілкаў.

 

Фёдар Паўлючэнка

Сайт Reformation

Медыяпраект, закліканы растлумачыць незразумелае, складанае і заблытанае ў беларускім бізнэсе, эканоміцы і грамадстве. І калегіяльна з чытачамі прыдумаць, як з мінуса зрабіць плюс.

Фармат праекта — грунтоўныя тэксты, вялікія гутаркі.

“Адзін з прадуктаў за год нашай працы, які апынуўся вельмі паспяховым, — інтэрв'ю. Гэтыя матэрыялы разыходзяцца і прыносяць па 5-10 тысяч праглядаў, што для невялікага сайта вельмі шмат”, — распавёў Фёдар Паўлючэнка.

Цяпер у рэдакцыі ёсць задумка прыцягнуць да супрацоўніцтва вядомага расійскага журналіста Паўла Селіна.

“Хочам запісаць серыі інтэрв'ю са значнымі персонамі. Ёсць папярэднія дамоўленасці з прэзідэнтамі Чэхіі, Літвы, Эстоніі, з Расіі гэта такія вядомыя асобы як Макарэвіч, Шаўчук, Яфрэмаў. Мы хочам размаўляць з імі пра Беларусь”, — падзяліўся планамі Фёдар.

Паводле задумы рэдакцыі, гэтыя грунтоўныя матэрыялы пасля можна было б на пэўных правах перадаваць для тэлебачання, што павялічвала б аўдыторыю.

 

Сяргей Бахун

Сайт часопіса Arche

Часопіс Arche — крыніца найноўшых гістарычных ведаў. Яго мэтавая аўдыторыя — аматары гісторыі, выкладчыкі, студэнты.

Падчас адукацыйнага курсу па медыябізнэсе разбіралі, хто з прадстаўнікоў бізнэс-структур можа быць партнёрам для выдання, як павялічыць сетку распаўсюду, наклад і г. д.

 

Раман Стэфаненка

Сайт пра квесты Мінска ExitGames.by

Гэты сайт ставіць перад сабой задачу інфармаваць людзей, якія цікавяцца квэстамі, з дапамогай рэйтынгу, падрабязных аглядаў і рэцэнзій. Якія квэсты лепшыя? Дзе згуляць эканомней? Куды пайсці пачаткоўцу, а куды мацёраму гульцу? На старонках праекта можна знайсці адказы на гэтыя пытанні.

Падчас прэзентацыі праекта ментары адукацыйнага курсу прапаноўвалі ідэі, якія могуць дапамагчы манетызаваць працу сайта, паглядзець на яго функцыі пад іншым ракурсам.

***

Адукацыйны курс скончаны, але яго ўдзельнікі не застаюцца сам-насам са сваімі праектамі. Выкладчыкі запэўнілі, што да іх можна будзе звяртацца за кансультацыямі і парадамі, калі ўзнікнуць пытанні наконт далейшага развіцця рэсурсаў.

Інфармацыю пра адукацыйныя курсы, якія ладзіць ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, можна знайсці ў раздзеле “Конкурсы і навучанне” на нашым сайце.