2758

АГП правяла у Мінску пікет салідарнасці з незалежнымі журналістамі (Фота)

18.08.2015 Крыніца: Барыс Гарэцкі, прэс-служба ГА "БАЖ"

Палітыкі выказалі падзяку ўсім незалежным СМІ, што працуюць у Беларусі, а таксама заклікалі ўлады да рэфармавання медыясферы.

Пікет Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў межах кампаніі збору подпісаў за вылучэнне Анатоля Лябедзькі кандыдатам у прэзідэнты адбыўся на плошчы Якуба Коласа ля сталічнага ЦУМа.

Сябры АГП трымалі ў руках плакаты “Без свабоды слова няма сумленных выбараў”, “Патрабуем свабоду слова” ды “Свабоду журналістам”. Анатоль Лябедзька і кіраўнік яго ініцыятыўнай групы Віктар Карняенка прынеслі з сабой стары чорна-белы тэлевізар з надпісам на экране “Паглядзеў БТ – пераключы за сабой”.

– У Беларусі склалася сітуацыя, калі з нашых уласных падаткаў фінансуецца цэлая карпарацыя прапаганды. І ў той жа час улада ўсімі сіламі змагаецца з незалежнай журналістыкай. А незалежныя СМІ ў Беларусі – гэта адзіная крыніца праўдзівай інфармацыі, – заявіў Анатоль Лябедзька прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

Удзельнікі пікету зачыталі спіс усіх журналістаў, прыцягнутых сёлета ўладамі да адміністрацыйнай адказнасці за прафесійную дзейнасць, і заклікалі прысутных падпісацца пад заявай у абарону рэпарцёраў.