1716

Агенцтва БелаПАН не пусцілі на міжнародны мэдыяфорум у Мінску

13.05.2016 Крыніца: Захар Шчарбакоў, БелаПАН Сюжэт: Доступ да інфармацыі

Міністэрства інфармацыі Беларусі адмовілася акрэдытаваць карэспандэнта і відэааператара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН на XI Беларускі міжнародны медыяфорум "Партнёрства ў імя будучыні: інтэграцыя як фактар стварэння", які афіцыйна адкрываецца 13 мая ў Мінску.

Заяўку на асвятленне гэтага мерапрыемства разам з усімі неабходнымі дадзенымі БелаПАН накіраваў у міністэрства ў сярэдзіне мінулага тыдня, за пяць дзён да заканчэння тэрміну, адведзенага для гэтай працэдуры. Паведамлення пра тое, акрэдытаваныя журналісты агенцтва на мерапрыемства ці не, з Міністэрства інфармацыі не паступіла да гэтага часу.

Напярэдадні афіцыйнага адкрыцця медыяфоруму супрацоўнікі прэс-цэнтра Дома прэсы, які ажыццяўляе функцыі выканаўчай дырэкцыі форуму, паведамілі карэспандэнту агенцтва, што БелаПАН няма ў спісе акрэдытаваных на мерапрыемства СМІ. Прычыну адмовы ў Доме прэсы не растлумачылі, параіўшы звярнуцца па тлумачэнне ў Міністэрства інфармацыі.

Атрымаць каментарый у прадстаўнікоў профільнага міністэрства на гэты конт не ўдалося. У той жа час адзін з пунктаў парадку аб акрэдытацыі на гэта мерапрыемства прадстаўнікоў СМІ, апублікаванага на сайце Мінінфарма, гаворыць, што "арганізацыйны камітэт форуму мае права адмовіць у акрэдытацыі без тлумачэння прычын".

На цяперашні медыяфорум запрошаны звыш 300 прадстаўнікоў СМІ і розных экспертаў з 21 краіны. Мерапрыемства арганізавана Міністэрствам інфармацыі і Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД, МЗС Беларусі, Мінгарвыканкама, Мінскага і Гродзенскага выканкамаў.

Пленарнае пасяджэнне медыяфоруму пройдзе ў зале Алімпійскай славы Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі. Удзельнікі мерапрыемства возьмуць удзел у дыскусіях "Чвэрць стагоддзя суверэннага развіцця і інтэграцыі" і "Сучасныя медыя: новыя выклікі і новыя магчымасці", а таксама прымуць рэзалюцыю.