459

Адвакатка сустрэлася ў менскім СІЗА № 1 з журналістам Андрэем Аляксандравым

18.01.2021 Крыніца: "Радыё Свабода"

Журналіст Андрэй Аляксандраў, якога ўтрымліваюць у СІЗА № 1 Менску, адчувае сябе добра, паведаміла ягоная адвакатка Вольга Карпушонак.

Сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага ў Менску, дзе ўтрымліваюць Андрэя Аляксандрава. Архіўнае фота.

«Са здароўем у яго ўсё добра, у камэры людзі дастаткова добразычлівыя. Якіх-небудзь скаргаў у яго няма. Перадачу атрымаў, склаў дадатковы сьпіс неабходных рэчаў», — сказала юрыстка агенцтву БелаПАН.

Вольга Карпушонак нагадала: згодна з заканадаўствам, цягам 10 дзён ад моманту затрыманьня журналісту павінна быць прад’яўлена абвінавачаньне, або яго мусяць адпусьціць.

Андрэя Аляксандрава затрымалі 12 студзеня, ён падазраваны ў крымінальнай справе паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Праз два дні ў офісе БелаПАН, дзе мэдыямэнэджар у 2014–2018 гадах працаваў намесьнікам дырэктара, адбыўся ператрус з канфіскацыяй часткі тэхнікі і носьбітаў інфармацыі. У пастанове фігураваў артыкул 293 КК (масавыя беспарадкі).

15 студзеня ў дачыненьні да журналіста выбралі меру стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту на два месяцы.

Андрэй Аляксандраў і яго дзяўчына Ірына Злобіна падазраюцца ў «фінансаваньні пратэставай дзейнасьці», заявіў на мінулым тыдні намесьнік кіраўніка МУС Генадзь Казакевіч.

Паводле міліцэйскага чыноўніка, Аляксандраў дапамагаў аплочваць штрафы асуджаным за пратэсты, сродкі для чаго перадаваліся фондам ByHelp. У сваю чаргу, на перакананьне кіраўніцтва ByHelp, аплата штрафаў не зьяўляецца злачынствам.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!