301

Адвакат журналіста Генадзя Мажэйкі: "Ён здаровы, бадзёры"

16.11.2021

Адвакаты журналіста "Камсамольскай праўды" Генадзя Мажэйкі наведалі яго ў СІЗА Жодзіна, паведамляе "Спутнік".

Гэта першая сустрэча адваката з Мажэйкам за месяц. Раней у СІЗА быў абвешчаны каранцін, і да абвінавачаных не пускалі нават адвакатаў. 

"Ён здаровы, бадзёры. Гэта былі не следчыя дзеянні, а наведванне адвакатаў", — распавяла  абаронца Мажэйкі.

Іншай інфармацыі яна не паведаміла, спаслаўшыся на падпіску аб невыдаванні. 

«Вова, мы афігелі! Мы не ведаем, што рабіць…» Галоўны рэдактар «Камсамолкі» распавёў, што адбываецца з беларускай рэдакцыяй

Генадзя Мажэйку затрымалі за артыкул на сайце "КП", у якім ён пагаварыў з былой аднакласніцай Андрэя Зельцэра і працытаваў добрыя словы пра яго. Зельцэр быў застрэлены пр штурме яго кватэры. Паводле афіцыйнай версіі, гэта адбылося пасля таго, як ён сам застрэліў супрацоўніка КДБ. 

Хаця рэдакцыя прыбрала тэкст гутаркі праз некалькі хвілін, сайт "КП у Беларусі" быў заблакаваны, а рэдакцыя "КП у Беларусі" ўвогуле спыніла сваю працу.

Мажэйку затрымалі ў Маскве, адкуль ён хацеў вылецець у Варшаву. Галоўны рэдактар «Камсамольскай праўды» Уладзімір Сунгоркін распавёў пра затрыманне Мажэйкі:

«У гэты пракляты вечар ён проста аказаўся дзяжурным… Назаўтра ён [Мажэйка] разумее, што ўжо 200 чалавек там сядзіць за непавагу да гэтай гісторыі [забойства супрацоўніка КДБ]. Ён збірае манаткі і зʼязджае ў Маскву, каб з Масквы паляцець у Варшаву. І да яго хтосьці ў Маскве падыходзіць на рэгістрацыі ў Шарамеццева, пытае: «Куды ты сабраўся? У Варшаву? Ты адкуль? З Мінска? Трэба вярнуцца ў Мінск».

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!